Улады заяўляюць пра змены ў выбарчым працэсе
Выбары ў парламент пройдуць у Беларусі 11-га верасня. Акрамя гэтага на нарадзе са старшынёй Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіяй Ярмошынай кіраўнік дзяржавы ўхваліў прапановы ЦВК пра тое, каб зрабіць выбарчы працэс больш празрыстым у адпаведнасці з рэкамендацыямі АБСЕ па выніках леташніх прэзідэнцкіх выбараў. Сярод навінак будучых парламенцкіх выбараў – павышэнне празрыстасці працэсу фармавання выбарчых камісій. Ярмошына прапануе змяніць парадак накіравання ў акруговыя выбарчыя камісіі прадстаўнікоў з дарадчым голасам. Цяпер гэтае права прадстаўлена палітычным партыям. Эксперт у выбарчым заканадаўстве Сяргей Альфер у сваю чаргу адзначае, што пытанне ня ў тым, хто вылучае, а ў тым, хто зацвярджае:
— Я не бачу нічога цяжкага ў тым, каб вылучалі прадстаўнікоў выбарчай камісіі і палітычныя партыі. Гэта вельмі добра, бо спрыяе развіццю партыйнай сістэмы Рэспублікі Беларусь, якая на сённяшні дзень напэўна больш мёртвая чым жывая, дзякуючы ў першую чаргу і непасрэдна спадарыні Ярмошынай. Таму, лепш было б каб развівалася партыйная сістэма, бо краіна з неразвітай партыйнай сістэмай у дэмакратычным сэнсе з’яўляецца малацывілізаванай краінай. На вялікі жаль, пра Беларусь мы можам сказаць, што партыйная цывілізаванасць знаходзіцца амаль на нулі.
Навінкай будучай парламенцкай кампаніі, са слоў Ярмошынай, таксама стане большая празрыстасць разгляду выбарчых спрэчак. Рашэнні выбарчых камісій усіх роўняў плануецца публікаваць у інтэрнэце. Падлік бюлетэняў будзе праводзіцца на адным баку стала. Назіральнікі будуць мець поўную магчымасць бачыць працэс падліку. Па словах Ярмошынай, гэтая практыка будзе цяпер распаўсюджаная на ўсе выбарчыя кампаніі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя