Уладзе неабходна стварыць бачнасць выбараў
Улады зацікаўленыя каб было як мага болей кандыдатаў. Такія назіранні выказаў праваабаронца Віктар Адзіночанка. Паводле назіральніка ад Беларускага Хельсінкскага камітэта, уладам неабходна стварыць бачнасць выбараў:
– Улады выказваюць незадаволенасць. Пра гэта казала і Ярмошына, і на ўзроўні нашай вобласці гучала, што вельмі дрэнна, што палітычныя партыі не ўдзельнічаюць. Асабліва мала кандыдатаў у сельскіх мясцовасцях. Яны хочуць, каб была бачнасць выбараў. Але шмат якія палітычныя сілы ўжо ведаюць, што такое выбары, што яны сабой уяўляюць. І ніхто не хоча ісці.
Намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў гаворыць, што цікаўнасць да ўдзелу ў выбарах выказалі толькі тыя, хто не мае вялікага досведу ўдзелу ў электаральных кампаніях:
– Што тычыцца сябраў партый, якія ўжо ўдзельнічалі раней у выбарчых кампаніях, тут нашмат складаней. Таму што людзям трэба бачыць вынік, а выніка ў Беларусі пакуль няма. Няма сумленнага падліку галасоў, няма выбараў.
На Гомельшчыне ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў мясцовыя саветы балатуецца 10 чалавек. Партыя БНФ увогуле не прадстаўленая кандыдатамі ў вобласці. Ад партыі “Справядлівы свет” на Гомельшчыне балатуецца 14 чалавек у мясцовыя саветы.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель