Уладзімір Арлоў: Мова абараняе межы краіны мацней за армію
Аляксандр Лукашэнка распавядае пра “класныя творы” Васіля Быкава, а таксама выказваецца за павелічэнне колькасці гадзін на выкладанне беларускай мовы у агульнаадукацыйных школах. Аб тым, што азначае такі паворат улады ў бок беларускамоўнасці, распавядае пісьменнік Уладзімір АРЛОЎ.
«Васіль Быкаў не быў маім прыхільнікам, але ў яго ёсць класныя творы — тое, што мы і нашы дзеці павінны ведаць, – заявіў Лукашэнка напрыканцы мінулага тыдня. – Але ёсць некаторыя [аўтары, уключаныя ў школьную праграму], якія толькі прозвішча беларускае носяць, а чытаць няма чаго».
Крыху раней афіцыйны лідар зрабіў яшчэ адну заяву: “Добра, мы ўсе размаўляем па-руску. Па-беларуску, скажу шчыра, дома і ў побыце мы размаўляем менш. Тады, магчыма, неабходна ў школе даць яшчэ адну гадзіну на карысць беларускай мовы замест англійскай?”
Уладзімір Арлоў: Ёсць такое выслоўе: “Мова абараняе межы краіны мацней за армію”. Мне бачыцца не выпадковым тое, што ўсе апошнія заявы афіцыйнага лідара ў падтрымку беларускай мовы і культуры прагучалі ўжо ў новай геапалітычнай сітуацыі, якая ўзнікла ў сувязі з падзеямі ва Украіне. Гэта сведчыць пра разуменне расейскай пагрозы. Што ж датычыцца пра дадатковую гадзіну ў школах на вывучэнне мовы, то я, па-першае, зусім не ўпэўнены, што гэтая гадзіна ў школьнай праграме з’явіцца. А, калі і з’явіцца, то яна нічога не вырашыць.
РР: Чаму так песімістычна?
Уладзімір Арлоў: Як літаратар, які нярэдка сустракаецца, нягледзячы на ўсе чорныя спісы, з вучнямі, магу сказаць, што сёння і ў гарадскіх, і ў вясковых школах, асабліва вучні малодшых класаў, ужо ўспрымаюць беларускую мову як замежную. І па сутнасці нават не разумеюць таго, што ім спрабуе расказаць пісьменнік. Я думаю, тыя калегі, якія таксама сустракаюцца з дзецьмі, могуць гэта толькі пацвердзіць. Вось да чаго давяла палітыка ўлады ў галіне школьнай адукацыі! І таму лічу, што, калі сапраўды клапаціцца пра захаванне і развіццё беларускай мовы (як мовы тытульнай нацыі, якая стварыла гэтую дзяржаву), то трэба дадаваць не адну і не дзве гадзіны, а зрабіць канкрэтныя крокі па стварэнні беларускамоўнай сістэмы адукацыі: ад дзіцячага садка да ВНУ. Вось калі б Лукашэнка заявіў пра неабходнасць нарэшце стварыць у дзяржаве беларускамоўны нацыянальны ўніверсітэт, пра што мы гаворым усе гады незалежнасці, то гэта б прагучала сапраўды важка. А што да адной гадзіны… Я б прапанаваў, каб гэтую гадзіну вызначылі для вывучэння мовы чыноўнікамі усіх рангаў. Каб яны хаця б займаліся мовай па гадзіне на тыдзень, а затым здалі б экзамен на яе валоданне. Вось гэта былі б сапраўдныя захады па абароне беларускай мовы і забеспячэнню раўнапраўя другой дзяржаўнай мовы, правы якой штодзень парушаюцца.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара