Уладзімір Астапенка: дыпламаты зразумелі, што „адсядзецца” не ўдасца



У эфіры нашага радыё пабываў Уладзімір Астапенка, былы амбасадар Рэспублікі Беларусь у Аргенціне, а зараз адказны за шматбаковую дыпламатыю ў Народным Антыкрызісным Кіраванні. З ім пагутарыў Стась Дадэрка.

– Вашая дыпламатычная кар’ера пачалася яшчэ ў 1985 годзе, а апошняя пасада – надзвычайны паўнамоцны пасол у Аргенцінскай Рэспубліцы. Паколькі вы – знаўца Лацінскай Амерыцы, хачу спытаць – ці можна нейкія паралелі правесці паміж тымі даўнімі паўднёваамерыканскімі рэжымамі, прыкладам рэжымам Піначэта і сённяшнім рэжымам у Беларусі?

– Відавочна, што такія аналогіі напрошваюцца, але розніца ў тым, што Лацінская Амерыка ўжо перажыла той перыяд ваенных хунтаў, дыктатур і зараз будуе грамадзянскую супольнасць, так як гэта робіцца ў Еўропе, як зроблена ў ЗША. А нам гэты шлях яшчэ належыць прайсці. Таму, улічваючы гэты вопыт, памылкі, улічваючы дасягненні іншых народаў, мы зможам гэты шлях прайсці самы.

– 20 ліпеня Лукашэнка правёў нараду з кіраўнікамі беларускіх дыпламатычных  установаў за мяжой, і фактычна ўся яго лексіка была такая запалохвальная, каб ні ў якім разе яго не кідалі, не здраджвалі – ён гэтага вельмі баіцца відавочна. Якое ўражанне ў вас пакінула гэтая сустрэча?

– Калі характарызаваць танальнасць гэтай размовы, то першаснае ў ёй – гэта страх. Лукашэнка вельмі баіцца, што тыя, хто працуе на дзяржаўнай службе, могуць у пэўны момант апынуцца на іншым баку, перайсці на бок народу – і гэтая перспектыва яго вельмі хвалюе. Таму ён пераходзіць на запужванне, таму ён цытуе свае рашэнні пра пазбаўленне рангаў іншых амбасадараў, якія мелі смеласць і сумленне падаць адпаведныя заявы і папярэджвае дзейсных дыпламатаў, што так будзе з кожным, хто зробіць такі крок. Таксама гэта паказвае на тое, што рэжым вельмі баіцца знешняга ціску, ён гэты ціск адчувае, разумее, што яму няма чаго супрацьпаставіць, таму што знешняя палітыка яго фактычна скончылася. У сітуацыі адсутнасці прыярытэтаў, браку нармальнага плану супрацы з дзяржавамі – суседнімі і іншымі, нічога іншага Лукашэнку не застаецца, як толькі запалохваць дыпламатаў і прымушаць іх выступаць ягоным тварам на міжнароднай арэне. Я мяркую, што гэтая місія многім недаспадобы.

– Што ўвогуле маглі падумаць дыпламаты, прадстаўнікі Беларусі ў краінах Еўразвязу, якія пачулі, што варта магчыма зачыняць усе гэтыя дыппрадстаўніцтвы, здымаць двухпакаёўкі і там дыпламатаў сяліць?

– Яны маглі падумаць пра тое, што час збіраць валізы. Бальшыня з іх спадзявалася, што ўдасца ціха адсядзецца ў нары, не высоўваючы носа. Але зараз стала зразумела, што так адсядзецца яны не змогуць. Таму ў іх два шляхі: альбо стаць тварам Лукашэнкі і прадстаўляць на міжнароднай арэне дыктатара і тэрарыста, альбо збіраць чамаданы і ехаць дамоў, таму што аб’ектыўна такая колькасць дыпламатаў ва ўмовах татальнай ізаляцыі – палітычнай, дыпламатычнай, у краінах Заходняй Еўропы для Лукашэнкі непатрэбная.

– Ці можа Уладзімір Макей у такой сітуацыі страціць сваю пасаду?

Я не выключаю такой перспектывы. Калі ацэньваць крытычна выказванні Лукашэнкі, ён вельмі незадаволены тым, як склалася сітуацыя ў знешняй палітыцы, ён згадваў пра нейкія сцэнары, якія яму Макей дакладаў яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў – я разумею, што там былі такія аптымістычныя сцэнары, якія арыентавалі на тое, што пасля выбараў рэжым здолее наладзіць дыялог, зможа аднавіць адносіны, збудаваць кантакты. Але відавочна, што гэта не атрымалася – выбары прызнаныя несапраўднымі, прэзідэнт нелегітымным. І замест кантактаў і супрацы Макей зараз мае сітуацыю татальнай ізаляцыі і негатовасці заходніх партнёраў весці такі працоўны дыялог.

Поўнасцю гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя