Уладзімір Барадач: Людзі ва Украіне пасля Майдану сталі іншымі



Украіна напярэдадні датэрміновых выбараў у Вярхоўную раду. Паводле экспертаў – гэта будуць ледзь не самыя народныя выбары. Сярод кандытатаў – акрамя палітыкаў “часоў Януковіча”, прадстаўнікі дабравольных батальёнаў, якія ваююць на Данбасе з прарасейскімі сепаратыстамі, таксама грамадскія актывісты, якіх актывізавалі падзеі на Еўрамайдане. Паводле палкоўніка спецслужбаў у адстаўцы, старшыні Савета нацыянальнага адраджэння Уладзіміра Барадача, менавіта Майдан напалохаў аўтарытарных лідараў на постсавецкай прасторы.

– Калі б Украіна пайшла наперад, пачаўся б развал постсавецкіх рэспублік, дзе пачаліся б свае Майданы. Расею ратуе яе дрымучасць, не інфармаванасць насельніцтва. Гэта самы асноўны вораг для развіцця народа.

Пасля Майдану украінцы па-іншаму сталі сябе адчуваць, – падкрэсліў у нашым інфармацыйным эфіры Уладзімір Барадач.

– Майдан не атрымаў таго, што ён заслужыў, але людзі ўжо змяніліся ва Украіне. І будзе другі, і трэці Майдан, калі ўлада не пачне лічыцца са сваімі людзьмі. І яны будуць выбіраць, яны здолеюць дамагчыся гэтага. А самае галоўнае, для любой краіны, каб адбыліся змены, неабходна дамагчыся права выбіраць уладу і патрабаваць ад яе справаздачу.

Датэрміновыя выбары ў Вярхоўную Раду пройдуць 26 кастрычніка.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя