Уладзімір Барадач: Пуцін – антыпод Пятра Першага, бо “акно ў Еўропу” зачыніў
Госць у студыі Беларускага Радыё Рацыя палкоўнік Уладзімір Барадач – былы камандзір 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння. Цяпер Уладзімір Барадач жыве ў эміграцыі ў Нямеччыне і ўзначальвае суполку Рада нацыянальнага адраджэння Беларусі, у якую ўваходзяць былыя сілавікі.
Уладзімір Барадач: Свет напалоханы ісламскім тэрарызмам і радыкалізмам. Свет напалоханы Расеяй, якая абрынулася ў нейкую бездань. Свет напалоханы дзеяннямі палітычнага кіраўніцтва Расеі. Чаму? Бо ўзнікла пагроза 3-ай Сусветнай вайны. Расея з’яўляецца гарантам цэласнасці і незалежнасці Украіны. Расея парушыла свае Будапешскія дамоўленасці. Расея з гаранта адразу ператварылася ў агрэсара. Вышэйшае палітычнае кіраўніцтва Расеі вядзе вайну не супраць Украіны, яно вядзе вайну супраць свайго народа. Палітычнае кіраўніцтва Расеі ўяўляе сабой некваліфікаваную меншасць рускага народа. Гэта людзі, якія прыйшлі да ўлады, якія авалодалі рэсурсамі краіны, усяго народу і напалохаліся Майдану. Яны не будуюць “рускі свет”. Пуціну трэба было ў першую чаргу падумаць пра сваіх. Каб пабудаваць “рускі свет” перш за ўсё трэба стварыць умовы ў сваёй краіне. Ствары, і да цябе пацягнуцца рускія з усяго свету. І з Амерыкі паедуць сюды, і з Украіны, і з Казахстану,І з Беларусі, калі будуць падрыхтаваныя і створаныя для іх умовы – жытло, праца, добры заробак.
РР: Вы гаворыце, каб стварыць “рускі свет” трэба людзям даць дабрабыт. Палітыка кіраўніцтва Расеі, у чым зараз палягае?
Уладзімір Барадач: “Рускі свет” – гэта шырма для прапаганды. Пуцін не стварае “рускі свет”. Пуцін хоча быць “збіральнікам рускіх земляў” падобным на Пятра Першага, але Пуцін – антыпод Пятра Першага. Калі Пётр Першы “прабіў вакно ў Еўропу”, то Пуцін гэтае вакно зачыніў. Справа ў тым, што Пуцін кіруе Расеяй ужо 15 гадоў. За гэты час не вырашаныя ўнутрырасейскія праблемы. Хаця гэта быў найлепшы час для развіцця Расеі – самыя высокі кошты на газ і нафту. Неабходна было за гэты час узняць эканоміку, знішчыць карупцыю, пабудаваць дарогі. Стварыць людзям усе ўмовы.
РР: А чаму так не адбылося?
Уладзімір Барадач: Рабская псіхалогія. Раб не хоча быць вольным. Раб хоча мець сваіх рабоў. Гэта псіхалогія, якая закладалася ў Савецкім Саюзе. Як толькі разваліўся Савецкі Саюз, да ўлады прыйшла арганізаваная злачыннасць. У Расеі яны проста ўсё падзялілі паміж сабой. І зараз у іх гэтая псіхалогія – ціснуць. Дзяржавы, створаныя ў постсавецкіх рэспубліках, не для таго, каб палепшыць жыццё людзей, а для таго, каб ціснуць на гэтых людзей, рабаваць гэтых людзей, і заставацца пры ўладзе. Сучаснае кіраўніцтва Расеі не збіраецца жыць у Расеі, яно рабуе Расею, а дзеці чыноўнікаў і ўсе інвестыцыі за мяжой. У Лаўрова дачка не ведае нармальна рускай мовы, яна ўвесь час жыла ў Амерыцы. Псіхалогія цара засталася. Псіхалогія выхавання – украсці, зрабіць адказнымі за жабрацтва саміх грамадзянаў. Яны вераць толькі “важдзю”. Чаму трымаецца зараз улада ў Расеі і Беларусі? Чаму аўтарытарная ўлада вітаецца там? Таму што ёсць глеба для гэтай аўтарытарнай улады. Закон існуе толькі для бедных. Не дзяржава служыць народу, а народ служыць дзяржаве.
РР: Мы гаворым, што рускіх людзей выкарыстоўваюць як рабоў, а яны пляскаюць у далоні, кажуць: “Крым наш”. Яны задаволены. Рэйтынг Пуціна падрастае, узвышаецца. Нейкі парадокс атрымліваецца. Зусім нядаўна ўвялі абсурдны закон, што дзяржава мусіць кампенсаваць страты багатым людзям, якія пацярпелі ад санкцый. Людзі ўсё гэта бачаць, але чаму ў той жа час яны падтрымліваюць Уладзіміра Пуціна?
Уладзімір Барадач: Перавернута ўсё з ног на галаву. Рабства засталося ў галаве ў людзей. У мяне жонка з Расеі. Прыязджае яе фактычна бедная сястра. Паказваем Германію. Я гавару: “Глядзі, як жывуць людзі, якія прайгралі вайну! Добра, усе ўсміхаюцца, ад людзей ідзе цеплыня. Я сам стаў лепшым, бо прыехаў агрэсіўным”. І, нягледзячы на гэта, калі пайшла размова пра Украіну, яна гаворыць: “Апошнія грошы аддам, куплю танк і няхай ён ваюе супраць “бандэраўцаў”. Псіхалогія агрэсіі. І кіраўніцтва ведае, за што, за якія нітачкі шморгаць. Неабходна ўзняць рэйтынг? Дастаткова ўзарваць некалькі дамоў, пачаць вайну ў Чачне. Гэта было? Было! Пуцін напалохаўся Майдана ў Маскве. Але гэта не “рускі свет”, ён будуе рэальна мёртвы “рускі свет”.
Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя