Уладзімір Барадач: У забойстве Шарамета відавочны „расейскі след”



Следства разглядае тры версіі забойства журналіста Паўла Шарамета: прафесійная дзейнасць, асабістая непрыязнь і так званы “расейскі след”. Паліцыя не выключае, што мэтай забойцаў магла быць і кіраўніца “Украінскай праўды” Алена Прытула, у машыне якой і загінуў журналіст у выніку выбуху.

22 04643

Сваё меркаванне выказвае былы кіраўнік брыгады спецназу, палкоўнік запасу, а цяпер палітэмігрант Уладзімір Барадач:

– Безумоўна, гэта ахвяра самавольства і насілля, якая мае палітычнае адценне. Асабістая непрыязнь тут непрымальная. Трэцяя версія мне больш блізкая, яна лагічная – гэта так званы “расейскі след”. Апошнія гады Шарамет прадстаўляў большую ідэалагічную небяспеку для Расеі, чым для Беларусі. Даўно напісаныя кнігі, знятыя дакументальныя стужкі пра палітычныя падзеі ў Беларусі. І гэты стрэс Лукашэнка ўжо перажыў. Ён не вораг сам сабе, бо зараз ён спрабуе павярнуць вектар палітычных узаемаадносін на Захад.

Такая аперацыя, калі яна праведзена не дастаткова прафесійна, ставіць крыж на любым палітыку. Упершыню хачу сказаць, што людзі, якія ліквідавалі нашых палітычных лідараў Ганчара, Красоўскага, Захаранку, пракалоліся. Былі асобы, якіх яны не змаглі ліквідаваць, – перашкодзіў выпадак. Дарэчы, сярод зніклых быў і аператар Зміцер Завадскі – блізкі сябар Паўла Шарамета.

Калі перад дыктатарамі паўстае пытанне: быць ці не быць, то так, яны звяртаюцца да жорсткіх мераў. Але на карысць беларускіх спецслужбаў хачу сказаць, што ўладам Беларусі гэта палітычна немэтазгодна.

РР: Такім чынам, Вы схіляецеся, што гэта “расейскі след”, які скіраваны на дэстабілізацыю сітуацыі ва Украіне?

Уладзімір Барадач: Фактычна Павел быў адным з апошніх журналістаў, які стаяў на вастрыі падзей. І найбольшую шкоду ён рабіў расейскму боку. Ён асвятляў падзеі, звязаныя з вайной ва Украіне, праблемы захавання дэмакратыі.

РР: Калі мы прытрымліваемся версіі, што за гэтым стаяць расейскія спецслужбы, то наколькі гэта выгадна Расеі?

Уладзімір Барадач: Заўсёды ёсць матыў. Многія скажуць, што Павел Шарамет сядзеў у беларускай турме, выдаў некалькі кніг пра беларускі рэжым, быў пазбаўлены грамадзянства Рэспублікі Беларусь. Гэта вораг беларускай улады. Але ў той жа час Лукашэнка і сённяшнія ўлады разумеюць, што далейшы шлях пры такой расейскай палітыцы, якая заключаецца ў вайне супраць усяго цывілізаванага свету, немагчымы. Лукашэнка зараз робіць спробы завязаць адносіны з Захадам. І Крэмль можа зараз, каб дэскрыдытаваць Беларусь, перакінуць адказнасць на беларускія ўлады. Маўляў, паглядзіце, з кім вы вядзеце перамовы!

РР: Выглядае на тое, што гэта была спланаваная аперацыя. Бо, па-пераше, людзі, якія ведалі Паўла і Алену, сказалі журналістам, што тыя заўважылі за сабой сачэнне апошнім часам. Па-другое, было выкарыстана выбуховае прыстасаванне на дыстанцыйным кіраванні.

Уладзімір Барадач: Любое мерапрыемства плануецца. Бо зрыў такой аперацыі – гэта палітычная бомба. А скандалаў у расейскага боку было дастаткова. Гэта збіты самалёт, анэксія Крыму, вайна на Данбасе. Па сваёй прафесіі я разведчык-дыверсант. І кіруемыя выбуховыя прыстасаванні – гэта для мяне азбука. Безумоўна, гэта спланаваная аперацыя: вельмі прафесійна выбраны час, машына стаіць ля дома. Калі непрафесіяналы праводзяць выбух, выбуховага рэчыва кладуць больш, іх хвалюе, каб аб’ект загінуў. А тут вельмі дакладны разлік выбуховага рэчыва – ніхто больш не пацярпеў, толькі Шарамет. Пераканаліся, што ён сеў у аўто, ад’ехаў і быў у радыусе дасягальнасці радыёсігнала, націснулі кнопку і адбыўся выбух.

РР: Як Вы мяркуеце, праўду мы калі-небудзь дазнаемся?

Уладзімір Барадач: Праўду мы даведаемся толькі тады, калі будзе змена ўлады. Той, хто зрабіў гэты выбух, хутчэй за ўсё ўжо мёртвы. Звычайна ў такіх выпадках адбываецца двайное ці трайное забойства. Можна інсцэнаваць і крымінальны след, але якія матывы? У Паўла няма чаго ўзяць. Значыць, дзесьці тыдзень была праслухоўка, і ведалі дасканальна дзе і калі ён будзе. Таму Алёна не села ў аўтамабіль, а сеў Шарамет. І яны не памыліліся ў сваіх разліках.

Ва Украіне вельмі шмат штатных і няштатных агентаў, якія працуюць на спецслужбы Расеі. У іх дастаткова мажлівасцей і сродкаў, каб ліквідаваць любога чалавека сваімі сродкамі.

З былым кіраўніком брыгады спецназу, палкоўнікам Уладзімірам Барадачом гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.