Уладзімір Чушаў: Стасункі паміж Польшчай і Беларуссю стабільныя і дынамічныя
Польшча-Беларусь. Стасункі стабільныя і нават дынамічныя. Так кажа Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Польшчы – Уладзімір Чушаў.
Дыпламат у Беластоку, ён прыехаў на Усходні эканамічны кангрэс. Прадстаўляе Беларусь і ўдзельнічае ў дыскусіі, дзе абмяркоўваюць перспектывы трансгранічнага супрацоўніцтва. За кулісамі форума з паслом сустрэўся Улад Грынеўскі.
– Польска-беларускія стасункі па-рознаму выглядалі ў розныя часы. На сённяшні дзень, як бы Вы іх ахарактарызавалі са свайго боку, бо Вы адносна нядаўна працуеце на пасадзе амбасадара Беларусі ў Польшчы?
– Дзякуй за такую магчымасць пагаварыць. Ацаніць, можа, так адным словам і цяжка нашы адносіны, таму што яны носяць такі доўгатэрміновы, дынамічны характар. І зараз, я б сказаў, такая дынаміка пазітыўная. Не ўсе праблемы яшчэ вырашылі ў двухбаковых адносінах, яны будуць вырашацца на шляху нашага дыялогу. А дыялог – гэта і яго інтэнсіўнасць, і яго ўзровень, дыялог – гэта і спатканні, звязаныя не толькі з форумамі. Ёсць перамовы, кансультацыі, ёсць інструменты развіцця нашага супрацоўніцтва – гэта міжурадавыя камісіі і рабочыя групы, якія ў складзе міжурадавых камісій. Напрыклад, міжурадавая камісія па гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву, яна збіраецца, але ж з шасці рабочых груп, якія былі сфармаваныя ў складзе гэтай камісіі, чатыры працуюць.
Вось, ёсць, напрыклад, праблемы, каб склікаць рабочую групу па энергетыцы, па супрацоўніцтву ў энергетыцы. Зараз адставанне ў працы рабочай групы, звязанай з турызмам, а гэта ж і чалавечыя кантакты, гэта і бізнес. Турыстычная сфера вельмі прыцягальная. Мы з беларускага боку робім усё, каб грамадзяне Польшчы маглі прыязджаць зараз ужо не на 10, а на 15 дзён, і не толькі ў некаторыя раёны Берасцейскай вобласці і Гарадзенскай, а па ўсёй Заходняй Беларусі. Усе гэтыя дзве вобласці будуць адкрытыя з 10 лістапада да прыезду польскіх грамадзянаў на 15 дзён.
– Вы кажаце пра тое, што вось ёсць праблема з тым, каб сабраць групу па энергетыцы. Што гэта за праблема, і ці вырашальная яна ўвогуле?
– Спадзяюся, што яна вырашальная, але пакуль што Польшча не бачыць перспектывы ў супрацоўніцтве ў гэтай галіне, а мы кажам, што трэба сустракацца і пераконваць адзін аднаго. Мы будуем атамную станцыю ў Беларусі, і мы б маглі прапанаваць Польшчы купляць нашу электраэнергію, а таксама і гандляваць з удзелам Польшчы з другімі дзяржавамі Еўрапейскага звязу. І гэта было б выгадна і Беларусі, і Польшчы.
– Акурат я хацеў гэта таксама звязаць з атамнай электрастанцыяй, якая мусіць паўстаць у Астраўцы. Літва супраць гэтага, ёсць такія праблемы паміж Беларуссю і Літвой. Польшча – суседка Літвы, а таксама партнёр па Еўрапейскаму звязу, гэта неяк з гэтым звязанае? Ці нейкія іншыя пытанні тут?
– Яшчэ да таго, як пачалося будаўніцтва атамнай станцыі, і зараз яшчэ яна ж не існуе, толькі мы яе будуем, але ж мы маглі ўжо і зараз гандляваць тымі лішкамі электраэнергіі, якая ў нас ёсць з другіх крыніц, таму што атамная электрастанцыя – гэта яшчэ не ўся электраэнергія, якая выпрацоўваецца. Мы ж зараз жывем, працуем, і гаспадарка наша развіваецца, таму і гэты працэс так ужо на 100 адсоткаў не звязаны, спадзяюся, з тым, што будуецца атамная станцыя. Пазіцыя нашай суседняй Літвы зараз такая, але ж з цягам часу спадзяёмся пераканаць. Усё ж такі прагматычнае супрацоўніцтва мае перавагі свае і для насельніцтва, і для гаспадаркі.
– Калі казаць пра вось такі трохкутнік – Менск-Варшава-Брусель. Настроі Еўрапейскага звязу, настроі ў Бруселі, як яны ўплываюць на стасункі паміж суседкамі – Польшчай, якая ў Еўразвязе, і Беларуссю, нашай краінай?
– Паляпшэнне нашых адносін і з Бруселем, і з Еўразвязам, паляпшэнне нашых адносінаў і са Злучанымі Штатамі Амерыкі – гэта ўсё пазітыўна ўплывае і на нашыя адносіны ў рэгіёне, менавіта, з Польшчай. Мы маем добрыя стасункі і адносіны з Украінай, з тымі дзяржавамі, якія ўваходзяць ва Усходняе партнёрства. Пятнаццаць гадоў ужо адзначаецца як Польшча ў Еўрапейскім звязе, і дзесяць год на Усходняе партнёрства. Гэтая ініцыятыва аб’ядноўвае шэсць дзяржаў па-за межамі Еўрапейскага звязу. У нас тут канстатуецца на форуме, што і Польшча мае такі прамы інтарэс, каб з гэтымі дзяржавамі развіваць адносіны, перадусім эканамічныя.
– Калі разглядаць гэтае супрацоўніцтва, ёсць палітычны, эканамічны складнік, таксама культурны мусім улічваць складнік. Вось як бы Вы са свайго боку ахарактарызавалі, які мацнейшы? Таксама мусім памятаць, што мы знаходзімся на Падляшшы, тут працуе консул і тут пражывае беларуская меншасць, і гэта найбліжэйшы рэгіён, які мяжуе з Беларуссю.
– Уплывае наяўнасць нашай беларускай меншасці ў Польшчы. Мы ведаем, што на Падляшшы 48 тысяч жыхароў, якія з’яўляюцца беларусамі па паходжанні. Працуем мы і ў межах праграмы «Беларусы ў свеце», працуе і культурны цэнтр Беларусі ў Польшчы, працуе і наша Генеральнае консульства ў Беластоку. Плануем заўсёды на год розныя мерапрыемствы. Вось я быў і на фестывалі беларускай культуры, і ў Бельску-Падляскім, і ў Беластоку, на дажынках беларускіх у Рыболах, быў на мерапрыемстве ў Беластоку, якое называецца «Гродна- Беласток». Гэта фестываль беларускай і польскай песні. Гэта таксама добрае мерапрыемства, якое нас аб’ядноўвае.
Тыя праблемы, якія, можа, існуюць яшчэ і не вырашаныя ў гуманітарнай сферы супрацоўніцтва, яны будуць вырашаныя з цягам часу і з цягам нашага дыялогу. Нельга сказаць, што важнейшае эканоміка, ці палітыка, ці гуманітарнае супрацоўніцтва – усё гэта важнае.
Будуем такія комплексныя адносіны, да таго ж і дадаем розныя нашыя ўлады: і парламенцкую, і выканаўчую. Мы бачым, што ёсць дыялог паміж урадамі, ёсць дыялог паміж дэпутатамі, сенатарамі, сустракаюцца на рэгулярнай кансультацыі Міністэрствы замежных спраў. Вось мы тут разам з амбасадарам Польшчы тут удзельнічаем у гэтым кангрэсе, а ўчора былі ў Любліне на кангрэсе ўсходніх ініцыятыў. Гэта таксама гаворыць аб тым, што дыпламаты працуюць, але працуе і народная дыпламатыя. Гэта значыць культурная, спартыўная дыпламатыя і эканамічная таксама, тая ж самая гандлёвая камісія і рабочыя групы.
Ёсць у нас і камісія па трансгранічнаму супрацоўніцтву, яна таксама збіраецца. Мы прапануем, напрыклад, вось адкрыць Чаромха-Высокалітоўск – чыгуначны памежны пераход, прапануем таксама выкарыстоўваць пад ракой Буг такі падземны нафтаправод, прадуктаправод, для таго, каб пастаўляць, напрыклад, паліва з Беларусі ў Польшчу. Гэта таксама было б выгадней, таму што лагістычныя выдаткі меншыя. Прапануем зрабіць, напрыклад, яшчэ і нейкія дадатковыя форумы па запатрабаванні бакоў, могуць быць і рэгіянальныя. Вось быў я на «Еўрарэгіён Нёман», у Гародні быў форум. Вось цяперашні.
За гэтым стаіць не толькі вось такая шматбаковая, то бок удзельнічаюць некалькі краін, а можам і на такіх пляцоўках працаваць у двухбаковым рэжыме. Існуе наша Беларуска-польская гандлёвая прамысловая палата. У Беларусі плануецца напрыканцы лістапада зрабіць чарговы такі форум гарадоў-пабрацімаў Польшчы і Беларусі, а мы маем наогул такія шырокія сувязі міжрэгіянальныя. 84 ужо рэгіёны, гарады Польшчы і Беларусі маюць такія партнёрскія ці пабрацімскія сувязі, і гэта таксама аб’ядноўвае. Кантакты важныя.
Зараз будуць выбары, і ў Беларусі ў парламент, і ў Польшчы. Спадзяюся, што ў парламенце і нашым, дык гэта я гарантую, таксама веру ў тое, што і ў польскім парламенце будзе зноў сфармаваная група сяброўства, і група супрацоўніцтва з парламентамі, у нас – з польскім, а ў польскім парламенце – з парламентам Беларусі.
– Сапраўды, мінулы год адзначыўся тым, што былі вось гэтыя шматлікія кантакты, і высокапастаўленыя польскія чыноўнікі прыязджалі ў Беларусь, і беларускія прыязджалі сюды, Вы ўзгадвалі, напрыклад, візіт Мясніковіча. 1 верасня Аляксандра Лукашэнку запрашалі на ўрачыстасці, ён не прыехаў, а, можа, прыедзе неўзабаве?
– Я ўдзельнічаў у гэтым мерапрыемстве. Што датычыцца павышэнню ўзроўню кантактаў, мы ж, канешне, накіраваныя на тое, як дыпламаты і як прадстаўнікі Беларусі ў Польшчы, працуем над тым, каб узровень візітаў і ўзровень узаемадзеянняў павышаўся. І калі будзе сфармаваны парадак дня для таго, каб сустрэліся кіраўнікі дзяржаў, гэта адбудзецца.
Усходні эканамічны кангрэс, які ўвосень праходзіць у Беластоку, становіцца традыцыйным. Тут Захад сустракаецца з Усходам, так галоўную мэту форума дэкларуюць яго арганізатары.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: poland.mfa.gov.by