Уладзімір Ганчарык: Працэс прыдумалі дзеля самога працэса



Экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Ганчарык раскрытыкаваў тое, як у Беларусі абіраюць адзінага кандыдата ад апазіцыі.

Як вядома, на праймерыз зарэгістраваныя пяцёра кандыдатаў: Павел Севярынец, Юрась Губарэвіч, Мікалай Казлоў, Аляксей Янукевіч і Вольга Кавалькова.

Галасаванне ў рэгіёнах будзе адбывацца з 4 сакавіка да 15 траўня.

Уладзімір Ганчарык: Шчыра кажучы, мне не вельмі падабаецца гэты праект. Складваецца ўражанне, што ўвесь гэты працэс прыдумалі дзеля самога працэса. А мне заўсёды важны вынік.

Таму я сур’ёзна нават не разглядаю выбары адзінага кандыдата ад апазіцыі, тым больш, што многія таварышы (няхай не крыўдзяцца на мяне), калі збіраюцца стаць адзіным кандыдатам, пераацэньваюць свае магчымасці.

РР: А што вы прапануеце ўзамен?

Уладзімір Ганчарык: Я кажу пра тое, што да прэзідэнцкай кампаніі трэба больш сур’ёзна падыйсці ўсім – і левым, і правым. Трэба ўсім аб’ядноўвацца і галоўнае пытанне на выбарах павінны быць – незалежнасць краіны, а не ўсялякія іншыя дробныя праблемы кшталту таго, ці патрэбны аднаполыя шлюбы.

РР:На ваш погляд, ці складзе адзіны кандыдат годную канкурэнцыю Лукашэнку?

Уладзімір Ганчарык: Я ведаю асобаў, якія б маглі скласці такую канкурэнцыю, калі б яны пагадзіліся ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах, але сярод тых, каго выбіраюць “адзіным”, іх няма.

А ўвогуле, як можна казаць пра нейкую канкурэнцыю, калі вынік выбараў зараней вядомы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя