Уладзімір Кацора: Прэзідэнцкія выбары могуць адбыцца ўжо ўвесну



Выбары прэзідэнта Беларусі могуць быць прызначаныя на вясну 2015 года. Такое меркаванне выказаў прадстаўнік кампаніі “За справядлівыя выбары” Уладзімір Кацора. Паводле палітыка, апазіцыя не ўлічыла свае памылкі 2010 года.

– Лукашэнка слабее і апазіцыя ўсё больш раз’яднаная. Вопыт 2010 года нас нічому не навучыў. Не факт, што выбары будуць прыкладна тады, як агучыла Ярмошына, цалкам магчыма, што выбары будуць увесну 2015 года. Пакуль падтрымліваць нейкую палітычную стратэгію ніхто не прапанаваў, трэба перадусім працаваць на нацыянальна-патрыятычнай тэме.

Меркаванне пра  выбары ў першай палове 2015-га пацвярджае і беларускі астролаг  Уладзімір Васюк.

– Я гатовы сказаць, што ёсць верагоднасць, працэнтаў 60, што прэзідэнцкія выбары могуць адбыцца крыху раней, недзе бліжэй чэрвеня, калі і ёсць канкурэнт, то ён можа з’явіцца толькі ў чэрвені. 2015-ы, нягледзячы на тое, што гэта год прэзідэнцкіх выбараў, не з’яўляецца вызначальным для развіцця нашай краіны. Вызначальнымі ў палітычным і эканамічным плане будзе канец 2016 – першы квартал 2017.

Выбары прэзідэнта Беларусі, паводле Цэнтрвыбаркама, адбудуцца не пазней 20 лістапада 2015 года.

Беларускае Радыё Рацыя