Уладзімір Хільмановіч: Ідзе зачыстка грамадскага поля



Гарадзенскі праваабаронца і публіцыст Уладзімір Хільмановіч сочыць за ператрусамі калег праваабаронцаў й журналістаў, што адбываюцца ў розных гарадах Беларусі.

На думку Хільмановіча, – зараз руйнуюць грамадзянскую супольнасць Беларусі:

– Адбываецца татальная зачыстка ўсёй грамадзянскай супольнасці. Спярша рэпрэсаваліся ўдзельнікі палітычнага працэсу, выбараў, удзельнікі выбарчай кампаніі, актыўныя грамадзяне. А зараз справа дайшла да журналістаў і праваабаронцаў – тых катэгорый, якія дапамагаюць людзям інфармацыйна, кансультацыйна, у плане арганізацыі салідарных дзеянняў, узаемападтрымкі.

Па словах Уладзіміра Хільмановіча, Беларусь можа стаць таталітарнай краінай:

– Нічога дзіўнага, адбываецца трансфармацыя сістэмы. Ад аўтарытарнай яна пераходзіць да таталітарнай. І вядзе па сутнасці поўную зачыстку грамадскага поля. Усёй актыўнасці ва ўсіх яе праявах.

Гарадзенскія праваабаронцы пакуль не трапілі пад ператрусы, аднак, па словах Уладзіміра Хільмановіча, ня трэба шукаць нейкую логіку ў дзеяннях сілавікоў. Ператрусы могуць адбыцца ў любы мамант.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня