Уладзімір Хільмановіч: Шкада, што гэты працэс не пачаўся 20 гадоў таму
Гэты працэс называюць унікальным, а нават і гістарычным. У Швейцарыі праходзіць суд над былым беларускім сілавіком Юрыем Гараўскім, які прызнаўся ў датычнасці да знікнення апанентаў Лукашэнкі ў 1999 годзе.
На гэтую тэму мы паразмаўлялі з „Госцем Рацыі” праваабаронцам Уладзімірам Хільмановічам:
РР: Нагода для нашай размовы працэс, які цяпер праходзіць у адным з кантонаў Швейцарыі, гаворка ідзе пра суд на Юрыем Гараўскім, які прызнаўся ў тым, што быў саўдзельнікам злачынства, выкрадання і забойства апанентаў Лукашэнкі Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, а таксама бізнесмена Юрыя Красоўскага. Я можа прапаную вярнуцца ў 1999 год, бо гэтыя трагічныя падзеі мелі месца акурат тады. Наколькі яны тады былі рэзананснымі ў беларускім дэмакратычным грамадстве і праваабарончай супольнасці?
– Падзеі былі канешне вельмі вельмі рэзананснымі ў той 1999 год. Па сутнасці, калі аналізаваць найноўшую гісторыю Беларусі, то гэта быў самы змрочны год, самы горшы пасля 1995 году, калі быў праведзены незаконны рэферэндум. Я б тут нават вярнуўся да 1995 года, прыгадаў бы, хоць гэта зусім іншага кшталту забойства, можа быць не зусім наўмыснае, калі быў збіты паветраны шар. Загінулі два чалавекі, грамадзяне ЗША, наколькі памятаю. Гэта ў той час, калі кіравала прэзідэнцкая адміністрацыя Біла Клінтана. Тады ўсё завяршылася толькі прабачэннямі. Дзіўна, што тады міжнародныя расследавальнікі не правялі не правялі незалежнага расследавання і не ацанілі, якім чынам і якія былі падставы на збіццё мірнага шару, калі загінулі два чалавекі. Калі казаць таўталагічна, каламбурна, гэта быў „пробны шар” на забойства людзей, але гэта іншага кшталту з’ява. А вось ужо 1999 год – гэта страшны пералом, я лічу, у дзеяннях улады Беларусі, калі пачалі знікаць палітычныя апаненты, самыя моцныя, адны з самых моцных палітычных апанентаў рэжыму, калі адбыліся гэтыя знікненні, якія дагэтуль афіцыйная ўлада Рэспублікі Беларусь называе „загадкавымі знікненнямі”. Нягледзячы на ўсе ўскосныя рэчы і доказы ніякіх мала-мальскі прызнанняў не адбылося і не адбудзецца, гэта зразумела. Хоць пэўная расследаванне, дакладней імітацыя гэтых расследаванняў была. Адзінае, пра што можна сказаць і шкадаваць, што гэты беспрэцэдэнтны, унікальны працэс у найноўшай гісторыі Беларусі, у рамках міжнароднай універсальнай юрысдыкцыі, які зараз адбываецца ў Швейцарыі, што ён не пачаўся яшчэ 20-ць гадоў таму. Калі вяла сваё расследаванне падкамісія Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы пад кіраваннем Хрыстаса Пургурыдыса. Ужо тады было адкрыта шмат фактаў, зафіксавана. Вельмі прыкра і вельмі шкада, што міжнародныя структуры ў рамках універсальнай юрысдыкцыі не пачалі тады працэс. Відаць у пэўных кабінетах гэта было палічана палітычна немэтазгодна на той час. Але калі б гэта расследаванне пачалося тады, то магчыма нават найноўшая гісторыя Беларусі магла пайсці іншым кірункам. У 2019 годзе ўжо быў дадзены вельмі моцны штуршок для пачатку такой справы, калі той жа Гараўскі зрабіў такія прызнанні. Гэта, я так разумею, быў шок для фігурантаў і ўдзельнікаў той справы. Той жа Паўлючэнка ў інтэрв’ю журналістам блытаўся ў сваіх інфармацыйных паказаннях. Пацвярджаў, што Гараўскі з яго атраду, потым ён казаў, што ўвогуле яго не ведае, потым казаў, што ён яго пераблытаў з кімсьці. Карацей такіх ускосных доказаў прыналежнасці таго ж Паўлючэнкі прынамсі, як асобы да гэтых знікненняў, іх было дастаткова. Я так мяркую, што гэтыя 4 гады ўжо, якія прайшлі з часу прызнання Гараўскага, гэта час, які пайшоў на афармленне міжнародных працэдур, на дадатковае расследаванне, пакуль не пачаўся гэты працэс.
Беларускае Радыё Рацыя