Вольга Крапоціна: З такой “пастановай” немагчыма мірыцца (абноўлена)



Гарадзенская грамадзкая актывістка Вольга Крапоціна атрымала пісьмовую пастанову суда, які разглядаў яе адміністрацыйную справу 18-га лістапада, за некалькі ўлётак у падтрымку тэрытарыяльнай цэльнасьці Украіны.

IMG_4383

Паводле пастановы Вольга Крапоціна сама вырабляла ўлёткі, і там жа гаворыцца, што яна вырабляла прадукцыю Сродка масавай інфармацыі. Як кажа гарадзенская актывістка з такой “пастановай” немагчыма мірыцца нармальнаму чалавеку.

 – Атрымліваецца, што я з’яўляся сродкам масавай інфармацыі. Сакратар, калі выпісваў мне позву сказаў: “Вядома, у вас ёсць права абскардзіць. Я разумею, што ў мяне ёсць на гэта права. Але дзіўна ўсё адбываецца ў нас у краіне . І мне кажуць: “Вы ж разумееце, як у нас трэба жыць у дзяржаве?” Я адзказваю: “Думаю, што па законе трэба жыць”. Але, сыходзячы з гэтай пастановай суда, у нас немагчыма жыць па законе.

Вольга Крапоціна нязгодная з бязглуздым вызначэннем, што яе назвалі сродкам масавай інфармацыі. Яна мусіць паводле пастановы суддзі Ленінскага раённага суда Дзмітрыя Бубенчыка, заплаціць штраф ў памеры чатыры з паловай міліёна беларускіх рублёў.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Гарадзенская актывістка Вольга Крапоціна, затрыманая  міліцыяй за раздачу ў цэнтры горада ўлётак з тэкстам “Вярніце Крым Украіне”, спадзяецца, што ніякіх наступстваў для ее не будзе. Яна лічыць, што проста выказвала сваё меркаванне і ніякі закон не парушала:

– Я проста хацела выказаць сваё меркаванне і сказаць расейцам, што яны праводзяць няправільную палітыку. Затрымалі мяне таму, што ў нас людзі вельмі “пільныя” – адзін з мінакоў сам падбег да міліцыянтаў, убачыўшы як я гэтую ўлётку раскладваю.

У Вольгі Крапоцінай забралі 17 улётак, а яе саму павезлі ў аддзяленне міліцыі па вуліцы Гараднічанскай. Праваабаронца Уладзімір Хільмановіч хацеў прайсці ў пастарунак разам з затрыманай, але яго туды не пусцілі. Вольгу Крапоціну чакалі дзве гадзіны, за гэты час міліцыянты склалі пратакол яе апытання. Расказвае праваабаронца:

– Гэта можна разглядаць як татальнае адсочванне кожнага выпадку грамадскай актыўнасці, у тым ліку моладзевай. І змаганне з іншадумствам, таму што мы яскрава бачым, што ў Гародні час ад часу з’яўляюцца фашыстоўскія свастыкі, надпісы “Русское национальное единство”. Ніхто гэтых людзей не ловіць, не выяўляе, прынамсі, мы ніколі не чулі пра затрыманне прадстаўнікоў гэтай плыні. Калі ж выяўляецца нейкая альтэрнатыўная думка з боку дэмакратычнай моладзі, то адразу ідзе жорсткі татальны пераслед.

Пасля складання пратаколу апытання Крапоціну не выпусцілі, а павезлі па месцы жыхарства – там у інтэрнаце быў праведзены агляд памяшкання. Ніякай друкаванай прадукцыі выяўлена не было, але міліцыянты забралі ў пакоі ноўтбук, які належаў не Крапоцінай, а яе сяброўцы.

* * *

У Гародні міліцыя затрымала грамадскую актывістку Вольгу Крапоціну. Затрыманне адбылося ў цэнтры горада каля гандлёвага цэнтру “Баторыя”. У Вольгі Крапоцінай забралі 17 улётак з тэкстам “Вярніце Крым Украіне”, а яе саму павезлі ў аддзяленне міліцыі па вуліцы Гараднічанскай. Туды ж неўзабаве прыехалі журналісты. Праваабаронца Уладзімір Хільмановіч хацеў прайсці ў пастарунак разам з затрыманай, але яго туды не пусцілі. Вольгу Крапоціну чакалі дзве гадзіны, за гэты час міліцыянты склалі пратакол яе апытання. Адразу Крапоціну не выпусцілі, а павезлі па месцы жыхарства – там у інтэрнаце быў праведзены агляд памяшкання. Ніякай друкаванай прадукцыі выяўлена не было, але міліцыянты забралі ў пакоі ноўтбук, які не належаў Крапоцінай.

* * *

Вольга Крапоціна напісала тлумачальны ліст,  пасля чаго яе адпусцілі. Цяпер дзяўчыну вязуць дадому.

* * *

“Актывістку даставілі ў пастарунак, ля якога цяпер дзяжураць журналісты і праваабаронцы”, – распавядае гарадзенскі праваабаронца Уладзімір Хільмановіч:

 – Прывезлі яе ў аддзяленне міліцыі і мы чакаем зараз, што яе выпусцяць, спадзяюся, што выпусцяць, бо могуць і не выпусціць. Тады будзе горшае, тады яе пасадзяць на суткі проста – адміністрацыйны арышт будзе, а калі складуць пратакол і выпусцяць, то будзе суд, які і вырашыць – штраф тады, напэўна, будзе. 

Актывістку моладзевага хрысціянскага руху Вольгу Крапоціну затрымалі за ўлёткі „Вярніце Крым Украіне”.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя

Фота facebook.com