Уладзімір Кобец: У мяне вялікія пытанні да тых людзей, якія збіраюцца ўдзельнічаць у выбарах



Андрэй Кобец, які пяць гадоў таму быў кіраўніком выбарчага штабу экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, распавядае пра будучыя прэзідэнцкія выбары і параўноўвае іх з выбарамі-2010.

РР: Сёння прызначана канчатковая дата правядзення выбараў – 11 кастрычніка. Кажуць, што нязручны час для збору подпісаў…

Уладзімір Кобец: Ад даты выбараў абсалютна нічога не залежыць. Ці то іх праводзілі б 15 лістапада, альбо 11 кастрычніка, альбо заўтра. Вынік будзе адзін і той жа. Тым больш, пасля 2010 году мне ўвогул дзіўна, што нехта збіраецца ўдзельнічаць у гэтых так званых выбарах. Пакуль знаходзіцца за кратамі былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч, яшчэ не скончыліся тыя выбары. І, калі людзі на фоне гэтага заяўляюць пра свой удзел у кампаніі, то ў мяне вялікія пытанні і да гэтых людзей, і да тых, хто іх падштурхоўвае.

РР: На ваш погляд, ці рэальна сёння прэтэндэнтам сабраць 100 тысяч подпісаў?

Уладзімір Кобец: Зусім не рэальна. Але справа нават не ў гэтым, а ў тым, што сёння проста амаральна ўдзельнічаць у такой гульні, бо сёння задача, якую ставіць улада, гэта зняць сіндром 2010 году. Перад выбарамі-2010 улада рабіла амаль усё тое самае, што і зараз, – ішла насустрач Захаду, краіна шукала грошы. Мы памятаем тую гульню ў лібералізацыю, якая скончылася брутальным падаўленнем мірнай дэманстрацыі 19 снежня. Спалох улады перад людской хваляй быў вялікі. Нават невялікі глыток свабоды паказаў, наколькі хутка прачынаецца ў краіне грамадская супольнасць. Наколькі хутка людзі ўключаюцца ў актыўную палітычную барацьбу. Але зараз сітуацыя іншая. І я не ведаю, на што спадзяюцца прэтэндэнты, калі ўключаюцца ў кампанію. Вераць, што справядліва падлічаць галасы? Ці спадзяюцца, што сапраўды ўдзельнічаюць у празрыстых выбарах? Паўтаруся, выбары – гэта задача ўлады паказаць Захаду, што Беларусь ужо – дэмакратычная краіна. І тыя, хто ведаюць рэальнае становішча спраў, але ідуць на выбары, нясуць адказнасць за тое, што затым будзе адбывацца і з палітвязнямі, і з Беларуссю, як незалежнай краінай.

РР: А што б вы прапанавалі ў гэтай сітуацыі?

Уладзімір Кобец: На мой погляд, самым лепшым варыянтам стала б тое, каб усе альтэрнатыўныя прэтэндэнты пагадзіліся, што адзіным кандыдатам трэба лічыць Міколу Статкевіча. Гэта было б вельмі маральна і правільна. А ў тых, хто не пагадзіўся б з гэтым, варта было б запытаць: “Дзеля чаго вы гэта робіце? Каб Статкевіч і надалей заставаўся ў турме?” Удзельнічаць сёння ў выбарах – гуляць на баку ўлады.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота palitviazni.info