Уладзімір Колас: Адзіны кандыдат патрэбен быў і пазаўчора, і сёння неабходны



Старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімір Колас прагназуе, ці аб’яднаецца апазіцыя перад прэзідэнцкімі выбарамі.

Уладзімір Колас: Традыцыйна хочацца спадзявацца, што апазіцыя знойдзе ў сабе сілы аб’яднацца, але пакуль для гэтага, на жаль, перадумоў не бачна. Асноўныя палітычныя структуры па-ранейшаму ўзначальваюць асобы, якія паказалі сваю здольнасць да кансалідацыі, таму спадзяванняў мала.

Але ж час яшчэ ёсць, таму параіў бы і структурам гэтым падумаць, і іх чальцам пра тое, што змяняемасць улады і лідараў павінна быць не толькі ў краіне. І тады будзе больш толку. Мне падаецца, што старыя апазіцыйныя лідары проста выконваюць функцыю, каб выпускаць апазіцыйную пару ў неба.

РР: Але ж у некаторых дэмакратычных арганізацыях адбылося кадравае амалажэнне. Гэта можа падштурхнуць да яднання?

Уладзімір Колас: Само жыццё штурхае да разуменне таго, што вечна ў такім стане структуры не могуць заставацца. Таму ўсё-такі нейкая эвалюцыя і насамрэч адбываецца. Можа быць, ім і ўдасца рэалізаваць свае задумкі і ідэі.

РР: Сёння адзіны кандыдат ад апазіцыі патрэбен ці гэта ўчарашні дзень?

Уладзімір Колас: Ён патрэбен быў і пазаўчора, і ўчора, і сёння неабходны. Актуальная праблема можа заставацца дзесяцігоддзямі, і калі не вырашана, то застаецца актуальнай.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя