Уладзімір Колас: Альтэрнатыва самазнішчылася



Старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімір Колас крытычна выказаўся адносна спробы апазіцыі абраць адзінага кандыдата праз праймерыз.

Уладзімір Колас: Я быў задаволены, што апазіцыя вырашыла нарэшце аб’яднацца і выбраць адзінага, але заставаліся пэўныя перасцярогі. На жаль, яны практычна цалкам спраўдзіліся.

Гэта загана нашай апазіцыі – усталёўваць дэмакратыю праз схемы, якія механічна пераносяць з нейкіх іншых краін. Адбываецца не імпарт дэмакратыі, а імпарт менавіта схемаў. Але трэба разумець, што ў краінах, якія шмат жылі пры таталітарным рэжыме, гэтыя схемы не працуюць. Яны і прыводзяць да такіх расчараванняў і да дыскрэдытацыі дэмакратычнай мадэлі у вачах жыхароў, якія прагнуць дэмакратыі і жадаюць яе бачыць.

Трэба ўбачыць уласныя пралікі. Было ж зразумела, што калі механізмы дэмакратычнага галасавання выкарыстоўваць у краіне, дзе галасаванне фальсіфікуецца, дзе існуе шмат прыёмаў злоўжыванняў, то гэта прывядзе да адмоўнага выніку. Што мы і ўбачылі.

Існуе такая рэч, як рэпутацыя, і апазіцыя пра гэта найперш павінна была думаць. Але  чарговы раз яны дыскрэдытавалі і дэмакратычныя працэдуры, і сябе, як палітыкаў. Цяпер ім будзе значна цяжэй уздымацца з таго дна, куды самі скочылі. І гэта проста жахліва!

РР: Які варыянт найбольш падыходзіў да беларускіх рэалій?

Уладзімір Колас: Усім трэба было проста вызначыцца з аптымальнай кандыдатурай, і ўсім працаваць на ягоны імідж і раскрутку. Гэта яшчэ дало б хоць нейкія шанцы на перамогу.

Але зараз атрымліваецца, што на прэзідэнцкіх выбарах зусім не будзе альтэрнатывы дзеючай уладзе. Альтэрнатыва самазнішчылася. Няма фігуры, на якую можна было б абаперціся і паверыць. І гэта вельмі сумна.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя