Уладзімір Колас: Апазіцыі патрэбны кадравыя змены
Старшыня Рады беларускай інтылігенцыі Уладзімір Колас разважае пра тое, ці выступіць апазіцыя пасля выбараў адзіным блокам.
Рух „За Свабоду” прапанаваў апазіцыі выступіць адзіным блокам на наступных парламенцкіх выбарах і выставіць свайго кандыдата на прэзідэнцкіх.
Рух „заклікае прабеларускія і праеўрапейскія партыі і арганізацыі зрабіць працу над памылкамі і аб’яднацца на аснове нацыянальных інтарэсаў”. „На парламенцкіх выбарах 2016 года гэтыя сілы павінны выступіць адзіным блокам, а на наступных прэзідэнцкіх выбарах — вылучыць свайго кандыдата”, – прапануе „За Свабоду”.
Уладзімір Колас: Мяркую, лепш позна аб’яднацца, чым ніколі. І рана ці позна павінна прыйсці прасвятленне. Іншая справа – ці не не позна ўжо? Усё ж такі тыя людзі, якія зараз персаніфікуюць беларускую апазіцыю, напэўна, ужо вычарпалі крэдыт даверу. Адным словам, павінна быць нейкае кадравае абнаўленне, ратацыя, і тады ўжо можна ад гэтага адштурхоўвацца. Акрамя таго, пакуль што пра аб’яднанне заявіў толькі рух “За свабоду”. А дзе ўсе астатнія? Ці не паўтораць яны вядомы сцэнар, калі шмат размоў і таўкатні ў ступцы, а ў выніку перад самым рашучым момантам усе ізноў перасварацца і разбягуцца па сваіх кутах?
РР: Ці магчыма з’яўлення ў парламенце “канструктыўнай апазіцыі”?
Уладзімір Колас: У прынцыпе, у гэтым жыцці магчыма ўсё. Іншая рэч, што не выпадае казаць пра нейкія змены сітуацыі, змены стаўлення ўладаў да механізмаў выбараў. Кантроль захоўваецца. Калі па нейкіх прычынах уладзе будзе выгадна з’яўленне такіх палітыкаў, то яно адбудзецца. Але цяжка казаць, ці можна будзе іх называць палітыкамі, бо праз гэтае сіта, напэўна, будуць прапускацца людзі не толькі лаяльныя, але і залежныя. Так што разлічваць на з’яўленне цалкам незалежных палітыкаў вельмі цяжка.
РР: Некаторыя мяркуюць, што цяперашняя кандыдатка ў прэзідэнты Таццяна Караткевіч можа патрапіць пасля выбараў у парламент.
Уладзімір Колас: Цалкам магчыма. Гэта будзе залежыць ад кан’юктуры, якая складзецца на той момант, і ад дзеянняў самой спадарыні Караткевіч. Пакуль, мяркуючы па тым, што робіць, яна паводзіць сябе досыць асцярожна. Але ж мы ведаем, што ў парламент не траплялі і больш асцярожныя і “правільныя” людзі, якія ішлі на тое, каб наступаць на горла ўласнай песні. Таму пакуль гэтая гульня вядзецца па правілах, якія ўсталёўвае ўлада. Што да спадарыні Караткевіч, то тыя заявы, якія зрабіў Уладзімір Някляеў, так і засталіся без абвяржэнняў і тлумачэнняў. У такім выпадку ёсць падставы меркаваць, што гэта праўда. А калі праўда, то Таццяну Караткевіч могуць і пусціць у парламент. Нічога дзіўнага ў гэтым не будзе.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя