Уладзімір Колас: Апазіцыйны цэнтр перамясціўся за мяжу
Cтаршыня Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімір Колас распавёў, якая роля адводзіцца апазіцыі ў сённяшніх умовах.
Уладзімір Колас: Калі казаць пра нашу класічную апазіцыю ў выглядзе партый, то мы ўжо даўно заяўлялі, што яны ідуць крыху не тым шляхам. І тое, што здарылася падчас так званага праймерыз, гэта ўсё паказала і з’явілася заканамерным і сумным фіналам.
З іншага боку, каб апазіцыю было чуваць, для гэтага патрэбен мікрафон ці рупар – сродкі масавай інфармацыі. А зараз у цэнтры ўвагі СМІ – нашы палітычныя неафіты. Менавіта на іх уся увага.
Пра старую апазіцыю ўжо мала хто ўспамінае, а самі палітыкі таксама не хочуць выштурхваць сябе ў фокус. Таму сітуацыя такая: апазіцыйны цэнтр зараз перамясціўся за мяжу, а найбольш актыўныя лідары апазіцыі – за кратамі. Таму зараз у Беларусі своеасаблівы апазіцыйны вакуум.
РР: Але ж, відаць, на гэта і рэпрэсіі паўплывалі…
Уладзімір Колас: Безумоўна. Калі зараз у Беларусі будзеш нешта прамаўляць ці некуды заклікаць, то вядома куды патрапіш. Таму людзі ўзважваюць рызыку і эфектыўнасць сваіх дзеянняў. Я думаю, што ў такой сітуацыі трэба проста назапашваць сілы для нейкіх сапраўдных дзеянняў, якія прывядуць да сапраўдных вынікаў. А ўсім адправіцца за краты – гэта не варыянт.
Хаця ў любым выпадку патрэбны і кансалідаванасць, і асэнсаваны план дзеянняў.
РР: Наколькі вялікі ўплыў мае сёння тая беларуская апазіцыя, якая знаходзіцца за мяжой?
Уладзімір Колас: Відавочна, што ёсць вынікі працы на міжнароднай арэне. З той жа самай Святланай Ціханоўскай, якая з’явілася ніадкуль і не мела ніякай падрыхтоўкі, сёння на Захадзе лічацца.
А вось у плане ўплыву на сітуацыю ў краіне можна казаць толькі пра ўскосны ўплыў – праз міжнародную супольнасць. Іншага ўплыву практычна няма. Гэта можна патлумачыць і тым, што ў краіне працуюць сродкі прапаганды, і агульнай сітуацыяй.
Беларускае Радыё Рацыя