Уладзімір Колас: Апазіцыя зрабіла крок наперад



“Імкненне абраць адзінага кандыдата ад апазіцыі – гэта добра”, – лічыць старшыня Рады беларускай інтылігенцыі Уладзімір Колас.

Уладзімір Колас шмат крытыкаваў апазіцыю за тое, што яна пастаянна наступае на старыя граблі і не можа абраць адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары, але зараз, як бачым, такі кандыдат можа з’явіцца.

Спадар Колас вельмі задаволены гэтым, але дадае, што “схема абрання адзінага выклікае пытанні”.

Уладзімір Колас: Па вялікім рахунку, апазіцыя зрабіла вельмі правільны крок у правільным накірунку. Праўда, тая працэдура, якую прыдумалі для абрання адзінага кандыдата, не можа цалкам задаволіць і пакідае засцярогі наконт вынікаў.

РР: Вельмі складаная працэдура абрання?

Уладзімір Колас: Па-першае не ўсе з тых, хто пазіцыянуе сваю прыналежнасць да дэмакратычных сілаў, далучыліся да абрання адзінага. Па-другое, сама працэдура, якая прадугледжвае барацьбу і канкурэнтнасць, таксама не дае ўпэўненасці ў добрым выніку, бо заўсёды ёсць мажлівасць яго аспрэчыць і сказаць: я не згодзен. Структуры могуць выйсці з дамоўленасці і пайсці сваім шляхам. У такіх сваіх прагнозах я адштурхоўваюся ад таго, што ўжо было ў нашай практыцы.

Акрамя таго, як мне падаецца, апазіцыя да канца правільныя высновы не зрабіла. Кандыдат ад апазіцыі павінен быць сапраўды народным кандыдатам. А, калі адштурхоўвацца ад той схемы абрання, што прапанавана, то адзіны кандыдат будзе абраны не людзьмі, а апазіцыйнай тусоўкай, бо ў яе пры галасаванні “кантрольны пакет”.

Адным словам, ёсць праблемы, хаця, паўтаруся: шлях – у правільным накірунку.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя