Уладзімір Колас: Незалежнасць Беларусі ізноў падвяргаецца выпрабаванням
Магчыма ў снежні адбудзецца Усебеларускі кангрэс за незалежнасць. Сябра аргкамітэта Уладзімір КОЛАС распавядае, як ідзе падрыхтоўка да форума.
Нагадаем, да працы аргкамітэта далучыліся акадэмік Радзім Гарэцкі, прафесар Мікола Савіцкі, пісьменнік Уладзімір Арлоў, старшыня Рады беларускай інтылігенцыі Уладзімір Колас і праваабаронца Міхаіл Пастухоў. Апошні назваў ідэю правядзення Кангрэса вельмі слушнай і адзначыў, што “існуюць грунтоўныя падставы для арганізацыі гэтага форуму, паколькі ў падпісанай прзідэнтамі Беларусі, Расеі і Казахстана дамове аб Еўразійскім эканамічным саюзе ёсць палажэнні, што нясуць непасрэдную пагрозу незалежнасці краіны”.
РР: Можа быць, на форуме паралельна будзе разгледжана і пытанне адзінага кандыдата ад апазіцыі на выбары-2015?
Уладзімір Колас: Былі такія прапановы, але вырашылі раздзяліць гэтыя тэмы, таму што галоўнае – гэта ўсё ж-такі тэма незалежнасці. А то можна патрапіць у сітуацыю паляўнічага, які палюе адразу на двух зайцоў. Тым больш, мы ведаем, як да гэтага ставяцца нашы калегі ў палітычных партыях. Паўтаруся, сёння галоўнае – незалежнасць Беларусі, якая ізноў падвяргаецца выпрабаванням, таму трэба надаць тэме значнасць у вачах беларускага грамадства. СМІ (расейскія і прарасейскія) робяць сваю справу, і гэта вельмі небяспечна. Тое, што адбываецца ва Украіне, паказвае, што пры сучасных інфармацыйных тэхналогіях рэйдарскія захопы тэрыторый суседніх дзяржаў цалкам магчымыя. Тым больш гэта небяспечна для нас, бо масавая свядомасць беларусаў на працягу некалькіх стагоддзяў падвяргаецца агрэсіўнай імперыялістычнай прапагандзе. Вось чаму тэмай Кангрэса і абрана незалежнасць.
РР: Які мяркуецца фармат Кангрэса ці гэта пакуль яшчэ невядома?
Уладзімір Колас: На гэтым этапе ідзе праца па далучэнні да аргкамітэта іншых грамадскіх арганізацый і рухаў… Калі высвятліцца кола ўдзельнікаў, будуць прымацца нейкія агульныя рашэнні.
РР: Ці рэальна правесці мерапрыемства ў снежні гэтага года?
Уладзімір Колас: Напэўна, усё залежыць ад нас, хоць немалаважнае пытанне будзе і з наяўнасцю памяшкання. Безумоўна, у нашай сітуацыі могуць быць розныя нечаканасці і абсалютна чаканыя праблемы. Але ж мэта пастаўлена, і яе трэба выконваць.
РР: На ваш погляд, як улады паставяцца да правядзення Кангрэса? Здаецца, яны таксама занепакоены захаваннем незалежнасці…
Уладзімір Колас: Я згодны, што гісторыя прымушае і нашы ўлады задумвацца пра захаванне незалежнасці, і гэта найноўшы момант. Бо дзеянні ўладаў вырашаюцца ў асноўным тымі стэрэатыпамі, што закладваліся пэўным асобам яшчэ савецкай школай. І тое, што не ўсе з лёгкасцю з гэтымі стэрэатыпамі развітваюцца, можна зразумець. Але жыццё вучыць, хоць адна ўласцівасць нашай улады застаецца нязменнай – душыць любыя ініцыятывы, якія ідуць не ад іх. Таму ў мяне няма ўпэўненасці, што Кангрэсу будзе аказана падтрымка. Тым больш, што з таго боку будзе засцярога наконт таго, што нехта на форуме можа набыць нейкі палітычны капітал. Але ж мы спадзяемся, што ва ўладных структурах таксама ёсць людзі, якім не чужы здаровы сэнс, і арганізацыя Кангрэса будзе магчымая ў Беларусі. У іншым выпадку – у краіне шмат лясоў і палёў, дзе можна будзе сабрацца. Мы ўсё ж-такі жывём у сваёй Беларусі, таму вырашым тое, што палічым неабходным.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя