Уладзімір Колас: Самы просты спосаб – імітаваць удзел у выбарах
Старшыня Рады беларускай інтылігенцыі Уладзімір Колас мяркуе, што ў сёняшняй сітуацыі збор подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты згубіў усякі сэнс.
23 ліпеня ў Беларусі пачаўся збор подпісаў за вылучэнне патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. Пытанне традыцыйнае: хто збярэ 100 тысяч подпісаў?
Уладзімір Колас: І 100 тысяч подпісаў магчыма сабраць, калі ёсць жаданне. А вось жадання, думаю, будзе бракаваць, таму што ўсе мы ведаем, якое яно можа быць да безвыніковай працы. І тое, што ўсе гэта разумеюць, – факт. Давайце будзем шчырымі. Гэты факт будзе непасрэдна ўплываць на магчымасці рэальнага збору подпісаў. Асабіста мне ўдзельнічаць у гэтым жадання няма. Мне больш даспадобы тыя, хто здольны працаваць на канкрэтны вынік, на дасягненне рэальных мэтаў.
РР: Тады якія, на ваш погляд, мэты пераследуюць тыя, хто ўдзельнічае ў кампаніі?
Уладзімір Колас: У іх трэба спытаць. Зрэшты, яны і самі кажуць, што не ставяць перад сабой на мэту перамогу на выбарах. Задачы нейкія другасныя, мэты, як кажуць, алімпійскія – галоўнае – не вынік, а ўдзел. І гэта сумна. Хоць і было прадказальна яшчэ падчас мінулай кампаніі.
РР: Але ж многія кажуць, што лепш нешта рабіць, чым зусім нічога. Маўляў, самы просты спосаб – адысці ўбок…
Уладзімір Колас: Самы просты спосаб – імітаваць працэс замест таго, каб зрабіць неабходнае дзеля выніку – аб’яднацца вакол адзінага моцнага кандыдата, які б персаніфікаваў мэты тых, хто жадае ў краіне перамен. Гэты зроблена не было, нічога для гэтага не рабілася і ніхто не жадае рабіць, што проста абуральна.
РР: На ваш погляд, ці ёсць у грамадстве цікавасць да выбараў?
Уладзімір Колас: У такім фармаце, безумоўна, няма. Ёсць нейкая інерцыя, стаднае пачуцце, канфармізм, якія выкарыстоўваюць тыя, хто ва ўладзе ўжо 20 гадоў.
РР: У каго ёсць шанц сабраць 100 тысяч подпісаў?
Уладзімір Колас: Мне гэта абсалютна нецікава. Бо, калі не збяруць, то некаторым дапамогуць. Я не маю доказаў, але курсіруюць настойлівыя чуткі, что ў ЦВК могуць прыняць і “тэлефонныя кнігі”. Калі трэба будзе, могуць так зрабіць і на гэты раз.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота belsat.eu