Уладзімір Колас: Такой безнадзейнай сітуацыі яшчэ не было



Старшыня Рады беларускай інтылігенцыі Уладзімір Колас распавядае пра магчымы эфект ад вылучэння Мікалая Статкевіча прэтэндэнтам на прэзідэнцкую пасаду і аналізуе працу апазіцыі за дзевяць месяцаў да выбараў-2015.

Уладзімір Колас

Уладзімір Колас: Мы з самага пачатку займалі пазіцыю, што падчас выбараў не трэба займацца рознымі гульнямі і не павінна быць падмены ў мэтах. Калі мэта – перамагаць на выбарах (а менавіта так і павінна адбывацца), то трэба ўлічваць сітуацыю і дзейнічаць у адпаведнасці з ёй. На вялікі жаль, на кожных прэзідэнцкіх выбарах гэтыя мэты не пераследваліся, а кандыдаты ставілі перад сабой іншыя задачы. Мы з гэтым не пагаджаемся, і ў дадзенай гісторыі з вылучэннем Статкевіча ўсе цудоўна разумеюць, што Мікола не зможа перамагчы па той простай прычыне, што ён не можа быць нават зарэгістраваны. Безумоўна, жахліва і несправядліва, што Мікалай Статкевіч знаходзіцца ў турме. Усе ведаюць, што гэта палітычны пераслед. Але наўрад ці кампанія па яго вылучэнні дазволіць палітвязню выйсці на волю, а, тым больш, актыўна далучыцца да прэзідэнцкай кампаніі. Гэта чарговыя гульні. Адпаведнае і стаўленне да іх.

РР: Аднак жа іншых больш-менш годных варыянтаў правядзення выбарчай кампаніі ў апазіцыі няма.

Уладзімір Колас: Менавіта! Але гэта наступствы таго, што пачалося яшчэ падчас пазамінулых выбараў. Няправільна абраная тактыка і стратэгія прывялі да самазнішчэння апазіцыі, што зараз робіцца відавочным. Такой безнадзейнай сітуацыі яшчэ не было ніколі! Безумоўна, патрэбныя новыя сілы і на гэта адзінае спадзяванне.

РР: А можа асоба Міколы Статкевіча якраз і аб’яднае вакол сябе ўсе дэмакратычныя сілы?

Уладзімір Колас: Мы ўжо добра ведаем, наколькі гэтыя людзі здольныя да кансалідацыі, а таму ніякіх спадзяванняў асабіста ў мяне няма.

РР: Але ж часу застаецца ўсё менш…

Уладзімір Колас: Варушыцца апазіцыя павінна была пачаць яшчэ пасля Плошчы-2010. Трэба было рабіць разбор палётаў, аналізаваць сітуацыю і рабіць аб’ектыўныя і сумленныя высновы. Нічога гэтага зроблена не было, таму ўсё прыходзіць да заканамерных вынікаў. Паўтараю – ніякіх спадзяванняў на гэтую апазіцыю, на вялікі жаль, няма.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя