Уладзімір Макей: Мы хочам сябраваць з усімі



„Мы хочам сябраваць з усімі. Мы хочам мець нармальныя адносіны з усімі”, — заявіў кіраўнік МЗС Уладзімір Макей у інтэрв’ю кітайскаму інфармагенцтву Сіньхуа, адказваючы на пытанне пра беларускую ініцыятыву „Хельсінкі-2”. Тэкст інтэрв’ю апублікаваны на сайце беларускага знешнепалітычнага ведамства.

„Сутнасць пазіцыі выцякае з нашага геаграфічнага, палітычнага становішча і, на наш погляд, яна простая і зразумелая. Мы на сабе адчуваем, як гэта — знаходзіцца на лініі падзелу паміж Усходам і Захадам, — сказаў Макей. — Сёння паміж Расеяй і Еўразвязам існуе шэраг праблем, існуюць узаемныя санкцыі. І мы, знаходзячыся на стыку паміж Расеяй і ЕЗ, на сабе адчуваем негатыўныя наступствы гэтых санкцый, негатыўныя наступствы той канфрантацыі, якая прысутнічае ў нашым рэгіёне. Таму логіка нашых дзеянняў простая і зразумелая. Яна выцякае з асноўнага прынцыпу нашай знешняй палітыкі. А гэты прынцып заключаецца ў шматвектарнасці і неканфрантацыйнасці”.

Паводле слоў дыпламата, Беларусь хоча мець „не роўнааддаленыя, а роўнанабліжаныя адносіны з усімі напрамкамі свету, з усімі лагерамі”. „І Расея, і Еўрапейскі звяз з’яўляюцца для нас вельмі важнымі партнёрамі і важнымі геапалітычнымі гульцамі, — сказаў Макей. — Таму калі прэзідэнт казаў пра тое, што нам трэба падумаць аб тым, каб пачаць або, магчыма, рэанімаваць, перамовы ў межах Хельсінкскіх пагадненняў, то ён меў на ўвазе, што нам трэба сыходзіць ад той канфрантацыі, ад той канфрантацыйнай рыторыкі, якая сёння прысутнічае ў нашым рэгіёне”.

Макей адзначыў, што неабходна задумацца аб прынцыпах і мэтах супрацоўніцтва, у першую чаргу, у палітычнай і ваеннай галінах, якія прывялі б да ўсталявання большага даверу ў адносінах адзін да аднаго. „Сёння гэтага даверу няма. Сёння мы стараемся толькі вінаваціць адзін аднаго і выкрываць адзін аднаго. Нам трэба адыходзіць ад гэтага”, — падкрэсліў ён.

Кіраўнік МЗС таксама адзначыў: „Многія разумеюць гэты працэс па-рознаму. Але хачу падкрэсліць, што гэта не азначае, што мы павінны адыходзіць ад тых прынцыпаў, якія ў свой час былі зафіксаваныя ў „Хельсінкі-1″. Мы хочам захаваць гэтыя прынцыпы, але пачаць дыскусію адносна далейшага мірнага існавання дзяржаў нашага рэгіёну, зыходзячы з таго, што сёння паўстала шмат новых выклікаў і пагроз, на якія мы павінны даць адэкватны адказ”.

belapan.by