Макей: Мы не хочам размяшчаць у сябе замежныя ваенныя базы



„Мы не хочам размяшчаць у сябе дадатковыя нейкія замежныя воінскія базы”, — заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 6 кастрычніка на закрыцці першай канферэнцыі ганаровых консулаў Беларусі.

Тэкст яго выступлення апублікаваны на сайце беларускага МЗС.

У Беларусі разумеюць, што размяшчэнне такой базы „будзе выкарыстана нашымі партнёрамі па той бок мяжы для адэкватнага адказу і гэта прывядзе да нагнятання напружанасці”, сказаў Макей. Паводле яго слоў, думка пра тое, што Беларусь з-за сваіх цесных адносін з Расеяй нібыта ўяўляе пагрозу для кагосьці з суседзяў — для Украіны, для Балтыйскіх краін або для Польшчы, спрабуюць навязаць штучна.

„Зразумела, калі пачынаеш апраўдвацца, адназначна будзе здавацца, што ты ў чымсьці вінаваты. Мы ў адказ цвёрда заяўляем, што з нашай тэрыторыі ніколі не зыходзіла пагроза ў дачыненні да ніводнай з краін і не будзе зыходзіць. Мы ніколі не маем намер пачынаць вайну ў дачыненні да некага. Мы не хочам быць крыніцай напружанасці , — падкрэсліў кіраўнік МЗС.

Пытанне аб размяшчэнні ў Беларусі ваеннай базы неаднаразова ўздымалася расейскім бокам апошнія некалькі гадоў. Так, вясной 2013 года міністр абароны РФ Сяргей Шайгу, знаходзячыся з візітам у Менску, паведаміў аб планах Расеі размясціць на тэрыторыі Беларусі авіяполк. У кастрычніку 2014-га галоўнакамандуючы ВПС РФ генерал-палкоўнік Віктар Бондараў заявіў пра намер Расеі стварыць у Беларусі ў 2016 годзе авіябазу, на ўзбраенні якой будуць знаходзіцца знішчальнікі Су-27.

У верасні 2015 года ўрад Расеі афіцыйна прапанаваў прэзідэнту Уладзіміру Пуціну падпісаць з Беларуссю пагадненне аб размяшчэнні расейскай авіяцыйнай базы на беларускай тэрыторыі. Аднак у кастрычніку таго ж года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гаворкі пра стварэнне авіябазы з Расеяй не вядзецца. „Яна нам не патрэбна”, — падкрэсліў Лукашэнка.

Асцярогі з нагоды магчымага размяшчэння ў Беларусі расейскіх ваенных баз і фарміраванняў зноў абвастрыліся на фоне сумесных беларуска-расейскіх вучэнняў „Захад-2017”, якія прайшлі на тэрыторыі дзвюх краін 14-20 верасня.

belapan.by