Уладзімір Макей падзякаваў паслу Польшчы Конраду Паўліку



Прымаючы 19 студзеня надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Польшчы Конрада Паўліка з нагоды завяршэння яго дыпламатычнай місіі ў Беларусі, міністр замежных спраў Уладзімір Макей падзякаваў яму за ўклад у развіццё беларуска-польскіх адносін.

„Падчас сустрэчы былі падведзеныя вынікі беларуска-польскага супрацоўніцтва ў 2016—2017 гадах, адзначаная станоўчая дынаміка двухбаковых палітычных кантактаў і парламенцкіх сувязяў, а таксама рост гандлёвага абароту паміж дзвюма краінамі, — паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі. — Бакі пагадзіліся з неабходнасцю спрыяць далейшаму паляпшэнню клімату даверу і ўзаемаразумення паміж Беларуссю і Польшчай, а таксама павышаць якасць і практычную аддачу ад двухбаковых кантактаў”.

Пра тое, што Конрад Паўлік завяршае сваю працу ў Беларусі, стала вядома 12 студзеня. Як паведаміў кіраўнік прэс-службы МЗС Польшчы Артур Ломпарт, такое рашэнне было прынятае па просьбе самога Паўліка былым міністрам замежных спраў Вітольдам Вашчыкоўскім (9 студзеня Вашчыкоўскага і шэраг іншых міністраў польскага ўрада адправіў у адстаўку новы прэм’ер-міністр Польшчы Матэуш Маравецкі).

Паводле паведамленняў некаторых польскіх і беларускіх СМІ, неафіцыйнай прычынай адстаўкі Паўліка стала тое, што ён не змог наладзіць адносіны з прадстаўнікамі польскай дыяспары і кіраўніцтвам польскага тэлеканала „Белсат”, які вяшчае на Беларусь. Аднак Ломпарт падкрэсліў: рашэнне аб заканчэнні місіі пасла ў Беларусі не мае палітычнага падтэксту.

Конрад Паўлік быў прызначаны паслом у Беларусі ў сакавіку 2016 года. Хто стане новым кіраўніком польскага пасольства ў Мінску, пакуль невядома.

belapan.by