Уладзімір Макей: Перадусім у нашых інтарэсах, каб БелАЭС была бяспечнай
Уладзіміру Макею на саміце “Усходняга партнёрства” ў Бруселі давялося адказваць на пытанні пра вайсковыя вучэнні “Захад 2017”. Хвалявала еўрапейскіх палітыкаў і будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. Пра гэта паведаміла нашаму радыё намесніца кіраўніка дырэктарата Еўракамісіі па палітыцы суседства і пашырэння Кацярына Матэрнава:
– Гэтае пытанне было ўзнята з боку Літвы. Міністр Макей адказаў вельмі акуратна, што Беларусь – тая краіна, якая пацярпела больш усіх ад Чарнобыля. І таму ў інтарэсах Беларусі, і краіны, і ўсяго насельніцтва, каб Астравецкая АЭС была бяспечнай станцыяй.
У сваю чаргу Уладзімір Макей адзначыў на саміце, што Беларусь не праігнаравала патрабаванні Еўразвязу аб правядзенні стрэс-тэстаў на атамнай станцыі:
– Мы адкрытыя для супрацоўніцтва. Больш таго, мы маглі не праводзіць стрэс-тэсты, якія мы правялі, бо гэта было патрабаванне Еўрапейскай камісіі. Але мы правялі іх, таму што самі вырашылі гэта зрабіць. І зараз мы працуем над аглядам аналізаў гэтых стрэс-тэстаў.
На саміце “Усходняга партнёрства” прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ абвінаваціла Беларусь у парушэнні міжнародных нормаў пры будаўніцтве атамнай электрастанцыі у Астраўцы Гарадзенскай вобласці, непадалёк ад мяжы з Літвой.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя