Уладзімір Макей – пра міжнародную бяспеку



„Еўропа і Беларусь, як яе неад’емная частка, заўсёды асабліва востра адчувалі любы подых ветру ў міжнароднай бяспецы. У апошнія гады мы ўвогуле жывем пры сталым штармавым папярэджанні”, — заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей, выступаючы на форуме „Мінскага дыялогу” „Еўрапейская бяспека: адысці ад краю бездані” 7 кастрычніка.

„Часы, калі на Еўрапейскім кантыненце панаваў дух міру і здаровага партнёрства, знесеныя парывамі геапалітычнай напружанасці і канфрантацыі, — сказаў ён. — Еўрапейскі рэгіён імкліва ўваходзіць у эпоху стратэгічнай нестабільнасці, непрадказальнасці, перадзелу сфер уплыву сусветнымі гульцамі. Існуючыя правілы гульні ў сферы бяспекі ўжо не ў стане прадухіліць новыя і вырашыць існуючыя канфлікты ў Еўропе, што ў сваю чаргу непазбежна вядзе да далейшай канфрантацыі і павышае верагоднасць рэалізацыі сілавых сцэнарыяў”.

Беларусь, паводле слоў Макея, перакананая ў тым, што магчымасць узаемнага стрымлівання праз нарошчванне ваенных патэнцыялаў — гэта „небяспечная ілюзія бяспекі, якая не аднойчы ў гісторыі прыводзіла да трагедый”. „Гэта прамая дарога да халоднай вайны, а можа быць, пасля — нават гарачай вайны. Да гонкі ўзбраенняў, якая вымотвае, знясільвае і ў любы момант можа выліцца ў некіравальны ваенны крызіс”, — сказаў Макей.

„Сур’ёзныя рызыкі нясе сегментаванне еўрапейскай бяспекі па прынцыпе „гэта не мая праблема”. Крокі па ўрэгуляванні канфліктаў, якія робяцца, у пераважнай большасці выпадкаў носяць характар не папярэджвання, а рэагавання”, — дадаў ён.

Кіраўнік беларускага МЗС лічыць, што „ва ўмовах узаемазвязанасці, узаемаабумоўленасці сусветных працэсаў параза якога-небудзь з бакоў сёння цягне за сабой незваротныя наступствы для пераможцы ўжо заўтра”. „Часы аднабаковых перамог і паразаў адышлі ў нябыт, — падкрэсліў Макей. — Еўрапейская бяспека — гэта ў вышэйшай ступені залежны і адкалібраваны механізм, які пойдзе ў разнос, калі нейкі з яго вузлоў разладзіцца. Нельга адмовіцца ад Дагавора аб ракетах сярэдняй і малой далёкасці, не выклікаўшы крызіс іншых мер раззбраення і ваенна-палітычнага даверу. Нельга будаваць сваю сферу ўплыву на шкоду інтарэсам іншых гульцоў. Каштоўнасці павінны заваёўваць розумы, а не тэрыторыі”.

Сёння параза якога-небудзь боку ў канфлікце — гэта „міна запаволенага дзеяння для пераможцы на дзесяцігоддзі наперад”, дадаў Макей. „Калі ты паставіў палітычнага, ідэалагічнага, рэлігійнага суперніка на калені, загнаў яго ў кут, перамог сілай зброі, у эканамічнай і інфармацыйнай вайне, то расплачвацца за гэта з высокай доляй верагоднасці будуць будучыя пакаленні на тваёй уласнай зямлі”, — заявіў міністр.

belapan.by