Уладзімір Макей выступіць на сесіі Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку



З 1 па 4 кастрычніка ў Нью-Ёрку з візітам будзе знаходзіцца міністр замежных спраў Уладзімір Макей, які прыме ўдзел у 73-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН, паведаміў на брыфінгу ў Менску 27 верасня прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.

„У час агульнапалітычнай дыскусіі 1 кастрычніка міністр прадставіць высокім удзельнікам гэтага ўплывовага міжнароднага форуму бачанне Беларуссю шляхоў удасканалення дзейнасці ААН, падтрымкі арганізацыяй дзяржаў у працэсе дасягнення мэтаў устойлівага развіцця, а таксама падыходы нашай краіны да вырашэння актуальных пытанняў у галіне міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі”, — адзначыў прэс-сакратар.

Паводле слоў Глаза, важным элементам візіту міністра стане яго сустрэча з генеральным сакратаром ААН Антоніу Гутэрэшам, падчас якой будуць абмеркаваны пытанні далейшага ўмацавання ўзаемадзеяння Беларусі з арганізацыяй.

Таксама беларускі міністр разам з першым намеснікам генеральнага сакратара ААН Амінай Махамед правядзе тэматычнае пасяджэнне, прысвечанае пытанням дасягнення мэтаў устойлівага развіцця. „Уладзімір Макей прадставіць наша бачанне шляхоў умацавання міжнароднай каардынацыі ў гэтай галіне. Асаблівая ўвага ў ходзе пасяджэння, якое праводзіцца па ініцыятыве Беларусі, будзе нададзена пытанням рэалізацыі рэкамендацый рэгіянальнага форуму па МУР, які адбыўся ў Менску ў лютым гэтага года”, — дадаў прадстаўнік МЗС .

Акрамя таго, міністр адкрые ў штаб-кватэры ААН фотавыставу „Быць чэмпіёнам: гісторыя вялікіх перамог”, прысвечаную беларускаму спорту і ўкладу нашай краіны ў міжнародны алімпійскі рух. „На гэтым мерапрыемстве будзе дадзены старт маштабнай міжнароднай прэзентацыі найбуйнейшай еўрапейскай спартыўнай падзеі наступнага года — другіх Еўрапейскіх гульняў”, — сказаў Глаз.

Макей правядзе сустрэчы са старшынёй 73-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН Марыяй Фернандай Эспінозай, а таксама шэраг двухбаковых перамоў з калегамі з іншых краін.

БелаПАН