Уладзімір Макей: Я не бачу небяспекі для Беларусі
У Беларусі ёсць заканадаўчыя механізмы, якія дазваляюць грамадству паставіць перад кіраўніцтвам краіны пытанне аб мэтазгоднасці захавання Саюзнай дзяржавы з Расеяй. Але ні здаваць, ні прадаваць суверэнітэт ніхто не збіраецца, заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей 16 кастрычніка ў інтэрв’ю БелаПАН, tut.by, nn.by, беларускай службе „Радыё Свабода” і „Еўрапейскаму радыё для Беларусі”.
На пытанне, ці не лепш адмовіцца ад саюза з Расеяй і дамаўляцца з ёй проста як з суседняй дзяржавай, а таксама ў межах Еўразійскага эканамічнага саюза, Макей адказаў: „Існуюць адпаведныя міжнародныя пагадненні, якія мы абавязаліся выконваць, — гэта нармальна”.
У той жа час, дадаў ён, „калі грамадства палічыць немэтазгодным існаванне таго ці іншага пагаднення, грамадства можа падняць пытанне і паставіць яго перад кіраўніцтвам дзяржавы”. „Кіраўніцтва — як нашай Беларусі, так і любой іншай дзяржавы — улічвае грамадскую думку, і адпаведнае рашэнне будзе прынятае. Таму, калі сапраўды большасць людзей палічыць гэта немэтазгодным, то такое пытанне можа быць узнятае і пастаўленае перад кіраўніцтвам краіны”, — сказаў кіраўнік МЗС.
Паводле слоў Макея, ёсць „заканадаўчыя моманты, якія дазваляюць падрыхтаваць адпаведныя петыцыі, звароты, вынесці пытанне на рэферэндум і гэтак далей”. „Наколькі мне вядома, цяпер усё апытанні, якія праводзяцца нават незалежнымі крыніцамі, кажуць пра тое, што даволі вялікая колькасць грамадзян выказваецца за тое, каб у нас былі цесныя адносіны з Расейскай Федэрацыяй. Павялічваецца колькасць грамадзян, якія выказваюцца за тое, каб у нас былі цесныя адносіны і з Расейскай Федэрацыі, і з Еўрапейскім Звязам. Гэта нармальна”, — дадаў міністр.
Каментуючы асцярогі з нагоды таго, што падпісанне праграмы так званай паглыбленай інтэграцыя з Расеяй пацягне для Беларусі страту суверэнітэту і незалежнасці, Макей запэўніў: усё робіцца ў адпаведнасці з нацыянальнымі інтарэсамі.
Паводле слоў міністра, ён сустракаецца з людзьмі і бачыць, што яны не так ужо моцна хвалююцца наконт больш глыбокай эканамічнай інтэграцыі з Расеяй. Галоўнае, што іх хвалюе, — „каб была праца, добрая зарплата і гэтак далей”. Хоць „пэўныя колы ў Беларусі, вядома, хвалюе гэтае пытанне”, дадаў Макей.
„Дакладна сказана, што ніякага палітычнага складніку ў гэтай праграме (паглыбленай інтэграцыі. — БелаПАН.) няма, — ёсць планы займацца выпрацоўкай узгодненых, гарманізаваных, дзесьці адзіных правіл у розных сферах эканамічнага развіцця. Напрыклад, узгодненая прамысловая, аграрная палітыка, нейкія мытныя правілы, абмен інфармацыяй па пытаннях перамяшчэння тавараў па тэрыторыі нашых дзяржаў, што вельмі немалаважнае, таму што вельмі шмат шэрага імпарту, у тым ліку з усходу, прыходзіць на наш агульны рынак”, — сказаў міністр.
„Што самае галоўнае, — дадаў ён, — усімі пытаннямі, якія адлюстраваныя ў гэтай праграме, мы займаемся ў межах Еўразійскага эканамічнага саюза. Чамусьці гэта не выклікае ніякай насцярожанасці. Мы там працуем у рамках пяці дзяржаў, але, на жаль, праца там ідзе так сабе па некаторых пытаннях. Шмат што магло б рухацца нашмат хутчэй. Таму тое, што цяпер прынятае рашэнне паскорыць гэтыя працэсы ў межах „двойкі”, дык гэта нармальная з’ява. Мы ў любым выпадку прыйдзем да гэтага ў рамках „пяцёркі”. Але калі гэта будзе хутчэй, калі гэта выгадна для эканомікі Беларусі, дык навошта адмаўляцца ад гэтага?”
Макей параіў дачакацца запланаванай на снежань сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі і Расеі, якая праясніць сітуацыю. „Я абсалютна не бачу ніякай небяспекі для Беларусі. Ужо шмат разоў было заяўлена наконт таго, што не трэба баяцца, што нехта будзе здаваць свой суверэнітэт ці прадаваць яго. Я не разумею, як мог бы першы прэзідэнт краіны, які стварыў гэтую незалежную дзяржаву, прадаць незалежнасць? Гэта абсалютна немагчыма, — падкрэсліў ён. — Кім бы ён тады ўвайшоў у гісторыю? Вы памятаеце выступленне прэзідэнта падчас звароту да народа і парламента Беларусі? Ён адназначна сказаў, што гэта немагчыма, таму што ў нас грамадства абсалютна іншае, чым было 20, 25 або 30 гадоў таму, калі толькі звалілася на нас гэтая незалежнасць”.
Міністр таксама адзначыў, што ў краіне нарадзілася ўжо некалькі пакаленняў, якія „не бачаць сябе ў іншай дзяржаве”, акрамя як „у незалежнай і суверэннай Беларусі”.
Макей лічыць немэтазгодным абнародаванне дакументаў па паглыбленай інтэграцыі цяпер. „Зараз вядзецца праца над дарожнымі картамі. Трэба паглядзець, што ў канчатковым выніку вымалюецца да канца лістапада гэтага года, да пачатку снежня, калі мы будзем адзначаць 20-годдзе Саюзнай дзяржавы і калі плануецца сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Расеі. На гэтай сустрэчы будзе абмеркаваная сітуацыя, звязаная з падрыхтоўкай гэтых дарожных карт. Таму зараз публікаваць усе гэтыя рабочыя дакументы, я думаю, не варта. Думаю, на сустрэчы прэзідэнтаў будзе прынятае адпаведнае рашэнне, як праінфармаваць пра тую працу, якая вядзецца цяпер, па больш глыбокай эканамічнай інтэграцыі паміж Беларуссю і Расеяй у межах Саюзнай дзяржавы”, — сказаў міністр.
Пры гэтым Макей падкрэсліў: „Перш чым казаць пра нейкі вянец інтэграцыі, пра нейкія стратэгічныя мэты блізкія або сярэднетэрміновыя, мы павінны вырашыць тыя актуальныя пытанні, якія ляжаць на паверхні. Гэта цэны на нафту, цэны на газ, падатковы манеўр і праблемы з пастаўкай нашай прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі”. „Зараз нашы дэлегацыі — абодва бакі — актыўна займаюцца ў тым ліку працай над гэтымі пытаннямі”, — дадаў ён.
На пытанне, што будзе рабіць беларускі бок, калі да снежня гэтыя праблемы не вырашацца, Макей адказаў: „Не магу сказаць. Гэта ж гіпатэтычна — што можна рабіць, калі не вырашыць. Пастаўленая задача знайсці развязку гэтым пытанням”.