Уладзімір Мацкевіч: Мы выйграем вайну нерваў
«Яны сталі нервавацца. Некаторыя задумаліся і ўсумніліся. Хтосьці запаў у дэпрэсію. Хтосьці пачаў істэрыць. Іх куміры выкрыты, ідалы ўпалі. Вера вычарпалася, надзеі растаюць» — ex-press.by прыводзіць рэфлексіі філосафа і метадолага Уладзіміра Мацкевіча наконт сённяшняй сітуацыі.
Праз тыдзень прыкладна пасля 9 жніўня я прыйшоў да пераканання, што ў нас рэвалюцыя, а не проста пратэст супраць ашуканскіх «выбараў», як у былыя гады.
Але разам з гэтым перакананнем зрабіў выснову, што хуткай перамогі ў нас не будзе, і бліцкрыг рэжыму таксама праваліўся. Супрацьстаянне грамадства і рэжыму перайшло ў пазіцыйную вайну. Я ахарактарызаваў гэта як вайну нерваў. Пераможа той, у каго нервы мацнейшыя.
Прайшло больш за два месяцы, гэта вялікі тэрмін, калі разглядаць эмацыйны план, пафас і афект. Мы выйграем вайну нерваў.
У другой і трэцяй дэкадзе жніўня прыхільнікі рэжыму былі спакойныя і ўпэўненыя. Чакалі, што абурэнне людзей пройдзе, пабузяць і вернуцца да звычайнага пасіўнага стану, да звычайнага жыцця. Сілавыя структуры звыкла выконвалі загады, метадычна білі і катавалі змагароў і нацменаў, тых, хто прадаўся злоснаму Захаду, суды пад капірку пісалі прысуды, ідэолагі лянотна і руцінна рабілі выгляд, што працуюць, абывацелі жавалі сала з бульбай, тупа гледзячы ў тэлевізар.
А на нашым баку адбываліся неверагодныя рэчы. Мы хадзілі на маршы і пратэсты, як на свята. Выдатныя жанчыны выгульвалі па суботах і нядзелях свае лепшыя строі і ўборы на вуліцах і плошчах, а не на карпаратывах, свецкіх раўтах і вечарынках у клубах.
Суседзі па дварах і кварталах выявілі адзін аднаго на маршах і сталі знаёміцца, піць разам гарбату, спяваць песні, размалёўваць муралы. Дасталі з камодаў і куфраў сцягі, якія пыліліся там з 1990-х гадоў, пашылі новыя, прыдумалі для сваіх двароў і раёнаў новыя сімвалы на базе нацыянальных колераў.
Пратэст не згасаў, свята непаслушэнства не заканчвалася, карнавал доўжыўся і перарос у метадычнае рэвалюцыйнае дзеянне.
Прыхільнікаў рэжыму гэта стала раздражняць, яны пачалі бузіць і агрызацца. Паспрабавалі адарвацца ад тэлевізара, выйсці на вуліцу і ўгаварыць свавольных пратэстоўцаў. Рабілі яны гэта звыкла, агрэсіўна, з поўнай упэўненасцю ў сваёй абывацельскай праваце: свет нязменны, Беларусь стабільная, рэжым моцны, а вы абалваненыя дурні!
Але з імі ніхто не спрачаўся, іх словы сустракалі паблажлівай усмешкай, іх сціплыя калоны прапускалі міма, мінакі паказвалі ім на пальцах V — Вікторыю-перамогу, сэрцайкі і кулачкі. Над імі зрэдку пацяшаліся.
Яны перасталі размаўляць, уступаць у кантакт. У сваіх СМІ яны перайшлі да занудных аўтычных тэкстаў, якім самі ўжо не верылі, у двары яны сталі хадзіць з нажніцамі і зрэзалі бел-чырвона-белыя стужачкі, з пэндзлямі і фарбамі, каб замазваць графіці…
Паступова ўпэўненасць, якая спачатку змянілася раздражненнем, перарасла ў разгубленасць.
Яны сталі нервавацца. Некаторыя задумаліся і ўсумніліся. Хтосьці запаў у дэпрэсію, і дакучліва паўтараў звыклыя мантры, толькі каб не адмаўляцца ад сваіх сімвалаў веры. Хтосьці пачаў істэрыць.
Цяпер усё інакш. Мы ўпэўненыя ў перамозе. Мы цярплівыя. Мы алертныя. Калі трэба — бясстрашна ідзем і робім. Калі небяспечна — мы бяжым, хаваемся, дапамагаем адзін аднаму. Мы давяраем самі сабе і ўсім, хто з намі.
Яны разгубленыя. Яны напалоханыя. Яны ўжо нікому і нічому не вераць. Яны ўсё робяць цішком. Не выходзяць супраць вялікай колькасці людзей, але б’юць нас, калі мы ўжо разыходзімся, адлоўліваюць паасобку.
Яны хаваюць свае твары. Яны прымушаюць самых слабых і недалёкіх рабіць чорную працу, здзяйсняюць злачынствы чужымі рукамі.
Мы ведаем дакладна, што пераможам. Няўдачы нас не расчароўваюць, мы разглядаем іх як тактычнае адступленне, выраўноўванне фронту і перагрупоўку сіл.
Мы шукаем новыя формы, мы цвяроза ацэньваем свае сілы, мы хутка вучымся, бачым і разумеем, чаго нам не хапае, робім гэта, папаўняем прабелы, выпраўляем памылкі, і ўласныя, і нашых паплечнікаў і лідараў. Нашы лідары не зазнаюцца, мы не робім з лідараў куміраў.
Там, на тым баку, усё інакш. Іх куміры выкрытыя, ідалы ўпалі. Ідэалаў як не было, так і няма. Вера вычарпалася, надзеі растаюць. Іх утульны і стабільны свет бурыцца. Ён ужо абрынуўся. Яны толькі не хочуць гэтага бачыць і прызнаць.
У іх яшчэ ёсць магчымасць некаторы час жыць у ілюзіях, што нічога не адбылося, што гэта ўсё хутка скончыцца. І ўсё будзе, як раней. Мы таксама ведаем, што ўсё гэта скончыцца.
Скончыцца, і Беларусь ужо ніколі не будзе ранейшай. Менск — наш горад, Беларусь — наша краіна, прыходзіць наш час. Ужо прыйшоў. І свет змяніўся.
Мы ўжо ведаем, які гэты свет, які надыходзіць, які гэта час, які прыходзіць. Нешта ўжо ведаем, але гэта не дакладна. Хочам ведаць, які гэты свет, і наш час?
Мне здаецца, што ёсць велізарная прага да ведаў пра ўсё, што нас чакае, пра тое, што мы цяпер ствараем сваімі рукамі, сваімі добрымі думкамі і намерамі, сваім уласным розумам і воляй. Будзем пазнаваць гэта разам, мы разам — свабодныя, роўныя, салідарныя, годныя і гордыя. І проста неверагодныя.
Пераклад „Новы Час”