Уладзімір Мацкевіч: На выбарах няма каму разварушыць грамадства



Парламенцкія выбары праходзяць на палітычным полі, якое дэградавала, – адзначыў у нашым эфіры філосаф Уладзімір Мацкевіч. Менавіта гэтым эксперт тлумачыць нецікавасць беларускага грамадства да электаральнага працэсу. „Апазіцыйнае поле амаль зачышчана, таму няма партый і арганізацый, якія грамадства маглі б разварушыць,” – заўважае Уладзімір Мацкевіч.

– Палітычныя партыі – гэта невялічкія клубы, якія не могуць нават пакрыць палову выбарчых акруг. Усе партыі здольныя выставіць літаральна некалькіх кандыдатаў. І ўсім гэта вядома, ці чытаюць людзі незалежную прэсу, ці не чытаюць, а проста глядзяць адкрытымі вачыма на тое, што адбываецца. Калі ім гэта вядома, то навошта людзям у гэтым удзельнічаць.

Аляксандр Лукашэнка заяўляў у Віцебску, што выбарчая кампанія ідзе спакойна. Як мяркуе філосаф Уладзімір Мацкевіч – менавіта такога эфекту і дамагаюцца ўлады, каб лепей выглядаць перад міжнароднай супольнасцю.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя