Уладзімір Мацкевіч: Нам патрэбны не дыялог, а перамовы з уладай
„Нам патрэбны не дыялог з уладай, а перамовы з уладай,” – сказаў у эфіры Радыё Рацыя палітолаг Уладзімір Мацкевіч, адзін з падпісантаў анлайн-ініцыятыва «Сход: платформа народных прадстаўнікоў».
Ініцыятары падкрэсліваюць, што ні да якай палітычнай сілы не належаць і не збіраюцца замяняць сабой органы ўлады, а толькі шукаюць людзей, здольных размаўляць і дамаўляцца з чыноўнікамі рознага ўзроўню.
– Дыялог не патрэбны з уладамі, патрэбныя перамовы. На гэтыя перамовы мы павінны прымусіць улады пайсці. Прымусіць можна толькі маючы палітычную волю і палітычную арганізацыю. Сход можа паўплываць на тое, каб аднавіць палітычную волю, зрабіць больш рашучай нашу частку грамадства. Крок за крокам прымушаць улады да перамоваў па змене рэжыму, па ўсталяванню часовага ўраду і г.д.
Амаль 90 тысяч чалавек прагаласавалі за кандыдатаў на альтэрнатыўны «Сход». Першая сесія прадстаўнікоў запланаваная праз тыдзень, 21 лютага.
Агулам на 328 акруг заяўкі падалі больш за 400 чалавек, сярод іх такія вядомыя асобы, як дыпламат Ігар Ляшчэня, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, аналітык Андрэй Ягораў, сустаршыня «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў і іншыя.
Беларускае Радыё Рацыя