Уладзімір Мацкевіч: Нам трэба ўтварыць дзяржаву наноў
15 сакавіка – Дзень беларускай Канстытуцыі. У грамадстве актывізавалася пытанне пра канстытуцыйную рэформу, якую раней абяцаў Аляксандр Лукашэнка. Беларуская апазіцыя, пад эгідай Святланы Ціханоўскай на шырокае абмеркаванне грамадства прапанавала праект Новага асноўнага закона. У той час Аляксандр Лукашэнка абвясціў склад канстытуцыйнай камісіі, якая будзе працаваць над стварэннем закона.
Уладзімір Мацкевіч, філосаф і метадолаг пытанне Канстытуцыі на гэтым этапе лічыць несвоечасовым. Можна шмат дыскутаваць пра Канстытуцыю, але сёння літаральна трэба дзяржаву будаваць ад пачатку, сказаў ён у нашым эфіры:
– Усталяванне, утварэнне дзяржавы. Нам трэба ўтварыць дзяржаву наноў. І для гэтага павінна быць паўнапраўнае народнае прадстаўніцтва. Устаноўчы сход ці Канстытуцыйная асамблея, як гэтая калька з французскай мовы гучыць, а не тое, што нейкая група нават дасведчаных і кампетэнтных людзей напіша нейкі тэкст. Тым больш што заўсёды могуць быць сумненні ў кампетэнтнасці і адказнасці гэтых людзей. Нам трэба абнуліць, зрабіць перазагрузку. То бок, усе заканадаўчыя акты, усе інстытуты, якія створаны пры гэтай дыктатуры, павінны мы абвесціць нелегітымнымі, не маючымі ніякага права на існаванне. Пасля гэтага – перыяд часовага ўраду, калі мы ўсё робім наноў. Усталёўваем дзяржаву нібыта ўпершыню, але з пераемнасцю ад БНР і з улікам таго, што існавала на працягу 30 год усё ж такі незалежная суверэнная Беларусь. Выкрэсліць гэтыя 30 год з нашай гісторыі немагчыма. Але мы павінны ўсё, што створана за гэты час, лічыць незаконным і нелегітымным.
РР: Лукашэнка шмат на тэму Канстытуцыі гаварыў, і прыгадаем яго словы: „З новай Канстытуцыяй я з вамі ўжо працаваць не буду”. Як вы думаеце, ці ёсць у Лукашэнкі мэта стварыць сапраўды добрую Канстытуцыю для беларсаў і сысці?
Уладзімір Мацкевіч: Зразумела, што няма ў мяне такога даверу. Больш таго, я дакладна ведаю, што злачынца, тэрарыст дзяржаўнага роўню не можа стварыць нічога добрага. Ён заўсёды хлусіць. І думаю, што хлусіць ён і зараз. Больш таго, група, якую ён абвесціў, і якая сёння сабралася ў Палацы рэспублікі, гэта злачынцы, гэта людзі, якія цалкам падпарадкаваныя Лукашэнку і ім ніколі нельга даверыць нават прыняцця простага рашэння, не кажучы ўжо пра напісанне Канстытуцыі. Махляры, “шасцёркі” рэжыму не могуць напісаць добрую Канстытуцыю. І гэта трэба ўсвядоміць усім грамадзянам Беларусі.
РР: Тады навошта Лукашэнку гэтая Канстытуцыя? Бо так званы Усенародны сход паказаў, што ён ужо вырашыў для сябе, што няма пратэстаў і ён можа спакойна далей сядзець на сваёй пасадзе. Навошта Лукашэнку гульні з Канстытуцыяй?
Уладзімір Мацкевіч: Ён жа разумее, што той урад, які ён прызначыў, цалкам некампетэнтны. І кіраваць краінай ён не можа. Эканоміку ўтрымаць ці гаспадарку нацыянальную ён не можа. То бок, краіна разбураецца на нашых вачах. Сёння латаюцца дзіркі ў бюджэце, каб захаваць утрыманне сілавікоў за кошт сацыяльнай сферы. Тое, што ён гаворыць, гэта не мае ніякага дачынення да рэчаіснасці. І нікуды ён не збіраецца сыходзіць. Бо ён можа толькі памерці на гэтай пасадзе ці яго можна забіць – ён сам пра гэта казаў. Бо калі ён сыдзе і будзе жывы, яго чакае вельмі і вельмі небяспечны лёс. Таму не трэба верыць ніводнаму слову Лукашэнкі.
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя