Уладзімір Мацкевіч: Наменклатурная атмасфера УНС нагадвае савецкае мінулае
„Важная падзея рэспубліканскага маштабу” – такія эпітэты выкарыстоўваюць афіцыйныя беларускія СМІ, расказваючы пра падрыхтоўку да так званага “Усебеларускага народнага сходу”. Чарговая нарада з нагоды яго правядзення прайшла ў Аляксандра Лукашэнкі. Той асаблівую ўвагу звярнуў на вынікі сацыялагічнага даследавання, якое ў Беларусі праводзілі напярэдадні наменклатурнага мерапрыемства:
– Гэта ўжо можна сказаць глыбокае вывучэнне настрояў у нашым грамадстве. 10 тысяч чалавек – гэта ў дзесяць раз больш, чым звычайна сацыёлагі даследуюць па тых ці іншых пытаннях групы людзей. Для мяне гэта было вельмі важна, таму што выступаць на Усебеларускім народным сходзе, планаваць нешта, не ведаючы глыбінных настрояў у грамадстве, гэта вельмі складана.
Наменклатурная атмасфера гэтага схода нагадвае савецкае мінулае – заўважае палітолаг Уладзімір Мацкевіч. Паводле якога, правядзенне ўсіх ранейшых сходаў паказала: ніякіх практычных вынікаў для грамадска-палітычнага і сацыяльнага жыцця яны не прынеслі:
– Як праходзілі з’езды КПСС, будуць прамовы прызначаных аратараў, агульнае галасаванне падняццем рук, “адабрямс”, апладысменты і так далей. Гэта ўсё ўжо бачылі. І можна пабачыць маладым па кінахроніках савецкага часу. Можа не так, як у сталінскія часы, калі ўсе хорам будуць крычаць: „страляць, як бешаных сабак” і так далей. Але сэнс будзе менавіта такі.
Усебеларускі народны сход пройдзе 11-12 лютага, на яго прыедуць больш за дзве тысячы дэлегатаў і тры сотні запрошаных гасцей. У складзе дэлегацый з раёнаў пераважаюць начальнікі мясцовых роўняў. А ў якасці гасцей без права голасу запрашалі і лідараў некаторых апазіцыйных партый. Напрыклад, у Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі ды ў партыі левых «Справядлівы свет» – адмовіліся прымаць удзел у сходзе.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя