Уладзімір Мацкевіч: Трэба перастаць дбаць пра гэтыя выбары
Пікеты за свабодныя выбары павінны праводзіць падлеткі і моладзь. Калі такія акцыі праводзяць палітыкі кшталту Мікалая Статкевіча, Анатоля Лябедзькі ці Уладзіміра Някляева, паўстае пытанне: ці ведаюць яны, што прапанаваць грамадству? – перакананы філосаф Уладзімір Мацкевіч. Ён заклікаў Мікалая Статкевіча, Анатоля Лябедзьку і Уладзіміра Някляева не праводзіць больш вулічных акцый і не губляць сілаў на змаганне за свабодныя выбары.
– Трэба проста перастаць дбаць пра гэтыя выбары, якія ў такога кшталту краінах з’яўляюцца проста дэкарацыяй і ні на што не ўплываюць. І трэба схіляць уладу да перамоваў, так, як гэта было ў Польшчы з “круглым сталом”. “Салідарнасць” перамагла не на выбарах. Якія выбары маглі быць тады ў 1989 годзе! Спачатку перамовы. А перамовы магчымы толькі пад ціскам. А ціск можна арганізаваць толькі салідарнымі дзеяннямі.
У звароце, змешчаным у фэйсбуку, Уладзімір Мацкевіч адзначае:«Чаго вы дамагліся, і чаго дамагаліся? Бо нічога, акрамя „карцінкі“, не атрымалася. Той маленькі натоўп, што атрымаўся на „карцінцы“, не варты часу, энэргіі і намаганняў лідараў нацыянальнага ўзроўню.”
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя