Уладзімір Мацкевіч: Трэба ставіць і дасягаць канкрэтныя мэты



Неабходна не проста выходзіць на вуліцы і ладзіць маршы з рознымі назвамі, а найперш варта ставіць перад сабой і дасягаць канкрэтныя мэты. У гэтым перакананы сённяшні Госць Рацыі, філосаф Уладзімір Мацкевіч.

Менавіта таму пратэстныя акцыі цягнуцца вось ужо пяць месяцаў, перамогу дасягнуць за лічаныя тыдні не атрымалася, — адзначыў ён.

РР: Ваша агульная адзнака пратэстаў: у які бок яны зараз зайшлі, куды ідуць?

Уладзімір Мацкевіч: Вось калі мы параўнае тое, як мы ходзім кожны дзень, а ходзім мы кожны раз, напрыклад, у нядзелю, ці ў іншыя дні, пенсіянеры ці людзі з абмежаванымі магчымасцямі, мы ходзім проста прадэманстраваць, не маючы мэты. Куды дойдзем – туды дойдзем. Ці перапыняць, ці стомімся, і разыходзімся да наступнага разу. Вось калі распаўсюдзіць усе пратэсты на гэтыя пяты месяц, то я б сказаў так, што па-іншаму пратэсты і не бываюць, калі мы не ведаем дакладнай мэты, да чаго вядуць пратэсты, марш і г.д., то мы і будзем так хадзіць яшчэ шмат-шмат часу, бо ўсё ж такі ўпартасць, натхненне захоўваюцца. Было шмат дваравых выступаў. Не было цэнтральнага маршу, але ж людзі хадзілі па дварах. І нават некаторыя калоны сустракаліся. Але мэты канчатковай не бачна. Ну і пакуль няма такога грунтоўнага запыту на мэту: куды мы павінны дайсці з гэтымі пратэстамі. Таму так яно і адбываецца.

РР: А як вам падаецца, якая павінна стаць галоўная мэта такіх пратэстаў?

Уладзімір Мацкевіч: Пратэсты павінны прывесці да двоеўладдзя. Калі мы ўсе адмаўляемся падпарадкоўвацца рэжыму, а лічым сваёй уладаю Святлану Ціханоўскую і тыя структуры, якія былі створаны па яе ініцыятыве. Мы павінны ўсе разам, усё нашае грамадства, абвесціць іх нашай уладай і прымусіць сваімі пратэстамі, маршамі, страйкамі, іншымі спосабамі, вялікімі і малымі, якімі мы валодаем, прымусіць рэжым пайсці на перамовы. Перамовы – гэта будзе прамежкавая мэта. А ўжо самі перамовы павінны весці да ўтварэння часовага ўраду, кампраміснага, і з удзелам часткі рэжыму, якая не запэцканая злачынствамі, і вось той часткі, якая складае сёння наш палітычны цэнтр. І гэты часовы ўрад вядзе да новых выбараў, але новых выбараў ва Устаноўчы сход, які стварае новую Канстытуцыю, і адбываецца „перазагрузка” дзяржавы. Калі б мы ўсе разумелі гэта, то мы рухаліся б ад адной прамежкавай мэты да другой і нарэшце прыйшлі б да канчатковай мэты.

РР: А Усебеларускі народны сход – наколькі такая ініцыятыва можа стаць рэальнай?

Уладзімір Мацкевіч: Лукашэнка правёў таемную інаўгурацыю, і нібыта абвясціў сам сябе ў коле безгалосных людзей, якіх ён сабраў прымусова, сам сябе абвясціў прэзідэнтам. Ён змог зрабіць патаемную інаўгурацыю. Таксама ён можа зрабіць амаль патаемны нібыта Усебеларускі сход. І абвесціць там усё што заўгодна. І гэта не мае аніякага прагматычнага сэнсу. Гэта цалкам махлярства, і дзякуй Богу ўсе гэта ўжо разумеюць. Калі раней гэтыя ўсенародныя сходы маўкліва прымаліся, хтосьці разумеў, хтосьці не разумеў, што гэта махлярства, але адбылося і адбылося. То зараз гэта ўжо не мае аніякага значэння для будучыні Беларусі.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя