Уладзімір Някляеў чакае адказу ад Давыдзькі і Якубовіча
Паэт і палітык Уладзімір Някляеў абскарджвае ў Менскім гарадскім судзе прысуд 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Яго пакаралі 1-га лістапада ў Ленінскім раённым судзе за, нібыта, заклікі ў падтрымку акцыі “Марш абураных беларусаў” 21 кастрычніка ў Менску, што прагучалі ў эфіры тэлеканалу ”Белсат”.
Сам Уладзімір Пракопавіч лічыць, што выраз “калі ёсць воля бараніць свае правы, дык трэба выходзіць і бараніць,” – прамых заклікаў не ўтрымлівае. Кажа Уладзімір Някляеў:
– У нас жа як – чым больш несправядлівы і беззаконны прысуд, тым больш яго стараюцца абставіць дэкаратыўна. Я звярнуўся да Давыдзькі і Якубовіча. І яны ці прамаўчаць, ці хоць нешта скажуць. Гэта ім на выбар. Яны ж заяўляць, што яны свабодныя.
Уладзімір Някляеў лічыць свой адкрыты ліст да кіраўнікоў Дзяржтэлерадыёкампаніі ды прэзідэнцкай “Советской Белоруссии” з прапановай запрасіць яго выказацца ў тэлевізійны “Клуб рэдактараў”, як кажуць,”праверкай на вашывасць” іх публічных заяў пра тое, што могуць даць выказацца “усякаму і пра што заўгодна”.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя