Уладзімір Някляеў: Гэта не ўлада, а бандыцкая групоўка
Паэт і палітык Уладзімр Някляеў на волі, але 5 сутак за кратамі былі вельмі няпростымі.
Пра тое, як яны прайшлі, і што ён перажыў у ізалятары, Уладзімір Някляеў распавёў у размове з карэспандэнтам нашага радыё Генадзем Барбарычам:
РР: Можа, крыху метафарычна прагучыць, але тыя 5 дзён, пакуль Вы сядзелі, у нас тут было халодна, пахмурна і нават снег падаў. Вы выйшлі і з’явілася сонца. Так што дзякуй за сонца!
Уладзімір Някляеў: (Смяецца). Дзякуй. Дзякуй і сонцу, што ўзышло. І дзякуй Богу, што ўсё абышлося. Там таксама было і халодна, і снег на вішнях, якія там у двары растуць…
Апроч таго, што там у мяне крыз зноўку гіпертанічны стаўся, дак я яшчэ праз гэты холад травеньскі „прасіфоніўся”, бо вакно было ўсю ноч адчынена. Там такая сетка і нельга было дабрацца да самога вакна, каб яго калі трэба, адчыніць ці зачыніць. Яно проста скразняком хоча — адчыняецца, хоча — зачыняецца. Вось на ноч расчынілася, але справа не ў гэтым. Турма ёсць турма. Тым больш што не ўпершыню. Я нават міралюбіва туды ехаў, хоць мяне забралі не па чалавечых правілах, бо ў мяне быў бюлетэнь. Я яшчэ не ачомаўся ад тых двух крызаў — берасцейскага і наступнага. Два разы ў шпіталі ляжаў. Толькі выйшаў з бюлетэнем на руках, каб далекавацца дома, а тут яны прыязджаюць. Я ніяк не чакаў, што мяне забяруць, па сутнасці, як і ў 2010 годзе, са шпіталю. Але яны забралі, амапаўцы сказалі, што ў іх загад. А калі я прыехаў туды, у ЦІП, папрасіў паперу і асадку, каб напісаць скаргу, што мяне забралі ў крызавым стане. Ні ў адной жа краіне такога няма, — ну каб я быў крымінальнік, небяспечны для грамадства, а то амаль месяц не краналі, а як толькі пачаў лячыцца, — прыпёрліся і закінулі ў турму. На маю просьбу адказалі: „Добра — добра, дадзім, напішаце”, пад рукі ўзялі, завялі ў камеру і ўсё на тым. Ніякія мае апеляцыі да нейкай справядлівасці, да чалавечнасці не мелі поспеху. І нават гэта я прыняў бы, каб яны не прыдумалі ну проста падлянку, — інакш я не магу гэта назваць, бо яны забаранілі мне пісаць. Вольга, — жонка мая, разумеючы як для мяне гэта важна, перш чым ежу, прывезла мне паперу і асадку, каб я пісаў. І я так і думаў, — пяць дзён папішу. Ну халера з тым, што ў камеры. Але затое ніхто, што называецца, не торгае, нікуды не цягне. Не! Прыносяць паперу, сшытак. Кажу: „А чым пісаць? Асадкі няма!” „А Вы самі прыдумайце”. Такі, кшталту, жарт. І вось гэта мне па нервах ударыла моцна. Бо гэта відавочны і мэтанакіраваны здзек: „На вось табе! Можа, ты думаеш, што ты пісьменнік, ну, можа ты там пісьменнік недзе, а тут — зэк”, — вось што, мабыць, хацелі давесці. Пяць дзён, з дня ў дзень, я патрабаваў адно і тое ж, — даць мне магчымасць займацца маёй прафесійнай справай. Гэта ж вельмі проста, — даць мне паперу і асадку. Я б не выкрэсліў тады гэтых дзён са свайго жыцця.
РР: Раней стаўленне да палітычных у гэтым цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў было больш-менш чалавечым. А зараз відавочна сітуацыя памянялася, ставіцца пачалі жорстка, пра гэта распавядае шмат хто з тых, хто адседзеў суткі за ўдзел у пратэстах.
Уладзімір Някляеў: Я не скажу, што да мяне так ставіліся. Ну калі не мець на ўвазе тое, што я сказаў раней, а мець на ўвазе такія звычайныя метады ўздзеяння, калі б’юць, кідаюць у карцэр, то не было гэтага. Хаця на прагулку мяне вывелі толькі на 4-ты дзень. І гэта адна з прычын, што 8 траўня стаўся ў мяне крыз. І яшчэ была прычына, — яны мне не далі 7 траўня з раніцы неабходных лекаў. А мне проста пагадзінна трэба прымаць іх пасля тых эксперыментаў, якія правялі са мной у беларускім КДБ у 2010 годзе, пасля прэзідэнцкіх выбараў. З тых часоў я жыву проста на таблетках. Дык вось, яны затрымалі прыём таблетак амаль на паўдня, і ціск папоўз уверх. А што такое крыз? Ён вырастае, як змяя і б’е знутры ў галаву. І калі яму, як змяі па галаве, гэтымі лекамі не дасі, то ён б’е цябе. Спыніць яго пасля таго, як прапусціў час лекавання, вельмі складана. Дык вось так сталася, і адбыўся крыз. Але яны сказалі, што ціск 180 — гэта не ціск. Я ім тлумачу, што ў кожнага розны небяспечны ўзровень, бо ў мяне інсульт стаўся пры ціску 160. Гэта нічога не вызначае. Але яны так і не выклікалі хуткую. У адрозненні ад берасцейскіх міліцыянтаў, якія напалохаўшыся, яе выклікалі. І там мяне роўна вывелі з гэтага стану. А тут вось так са мной абыйшліся. А гіпертанічны крыз гэта не драбяза. Скажам, Генадзя Карпенку так са свету і зжылі.
РР: Трэба прыгадаць і былога міністра знешнеэканамічных сувязяў, а потым аднаго з вядомых апазіцыянераў Міхаіла Марыніча, якога давялі да інсульта ў аршанскай калоніі, калі адабралі неабходныя лекі.
Уладзімр Някляеў: Так. Можна забіць так, як забілі Віктара Ганчара, завезці ў лес, застрэліць і закапаць. А можна медычнымі спосабамі. І там, у ЦІПе, уначы, ужо лежачы, я страціў прытомнасць. Добра, што сукамернік не спаў, трохі дапамог. Дык вось, я ўспомніў, як у тым жа 2010 годзе, пра які ўжо ўзгадваў, падчас арышту пасля прэзідэнцкіх выбарў, мяне страшылі ледзь не расстрэльнай карай за тыя пратэсты на плошчы, якія адбыліся. Маўляў, ты вельмі раззлаваў адну асобу, аднаго чалавека. Я адказваю, дык што ж, мяне цяпер за гэта расстраляюць? А ён адказвае, — навошта абавязкова расстрэльваць. Што, маўляў, „естественные летальные исходы случаются везде, в том числе и в тюрьме”. А цяпер, калі я выходзіў з гэтага ЦІПа на Акрэсціна, быццам у сектары „прыз” мне далі позву на новы суд 17 траўня за удзел у дэманстарцыі і мітынгу 1 траўня. Прычым міліцыянты ўжо ведаюць, што мне дадуць 15 сутак. Вось як судзіць наш справядлівы суд. Ужо загадзя міліцыянты ведаюць, што дадуць. Гэта яны замаўляюць, колькі даваць, што бамжам што палітыкам
РР: А суд выконвае?
Уладзімір Някляеў: А суд проста выконвае. Дык вось, калі пастарацца зноў давесці гэтую справу, зноў забараніць там пісаць, знерваваць, не даць пігулкі, то можна і выніку дамагчыся, якога яны хочуць. Я не ствараю ніякай драмы ці трагедыі. Я разумею, з кім я маю справу. Разумею, што я раблю, і разумею рэакцыю на тое, што я раблю. Але павінны быць усё ж такі нейкія межы, мы ўсё ж кажам, што мы краіна еўрапейская. І пра тое нават кажам, што мы неяк зараз стараемся не толькі глядзець у бок Захаду, а і рухацца да тых нормаў жыцця, тых законаў, па якіх жыве дэмакратычны свет. А на самой справе мы зусім разыходзімся з гэтымі законамі, калі ў дзяржавы ненатуральная задача пакараць за хай сабе прыдуманае ёй злачынства, а прынізіць і нават нанесці наўпроставую шкоду здароў’ю, якая небяспечна, калі казаць зноў жа наўпрост, для жыцця. Калі так абыходзіцца са сваімі грамадзянамі, то гэта сапраўды не дзяржава, не ўлада, а арганізаваная бандыцкая групоўка, якая займаецца знішчэннем сваіх апанентаў… Не пусцілі адваката, не далі лекаў, не далі магчымасці займацца сваёй справай, — і вось гэта ўсё склалася ў той вынік, які ёсць. Але я ўдзячны Богу, што жывы, вярнуўся аддуль і спадзяюся, што тое, што не напісаў там, здолею яшчэ напісаць цяпер і ў будучым.
РР: Што дапамагае выстаяць, вытрымліваць усё гэта?
Уладзімір Някляеў: Я наглядзеўся ў сваім жыцці, асабліва за апошнія гады, шмат брыды, набрыдзі. І тым не менш, хоць ёсць гэтыя суддзі, якія кляпаюць прысуды па загаду, хоць ёсць гэтыя міліцыянты, якія тупа махаюць палкамі направа і налева, б’ючы і старых і дзяцей, ёсць гэтыя бедныя настаўнікі, якіх змушаюць фальсіфікаваць выбары і далей і далей і далей… Але раптам, на 9 траўня, пасля гэтага крызу, які ў мяне стаўся, пасля гэтага адчаю ад бяссілля, што ты нічога не можаш зрабіць, нічым не можаш супрацьстаяць гэтай машыне, раптам з вуліцы, у гэтае халоднае травеньскае пераможное вакно, дзе толькі — толькі адбабахалі гэтыя салюты, праз паўзу можа секунд 10 пасля іх — раптам галасы — дзявочы і мужчынскі: „Уладзімір Пракопавіч! Мы з Вамі! Жыве Беларусь!” І пабеглі, толькі тупат крокаў, – зараз жа выскачаць за імі! І ўсё стала на свае месца. Хай толькі два галасы. Але гэтыя людзі прыйшлі на гэта Акрэсціна і разумеючы, што іх могуць дагнаць і да мяне ж туды падкінуць, гэта зрабілі. Як быццам адчулі, што так трэба зрабіць і яны гэта зрабілі. Можа быць, некаму здасцца, што двое сярод усіх — гэтага мала. Але калі двое такіх — гэта зусім нямала. Вось імі, у іх, дзякуючы ім і жыве Беларусь!
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск