Уладзімір Някляеў: Людзі разумеюць, што гэта першы крок да анексіі
Народныя сходы ў Менску працягнуцца. 4 кастрычніка хапуну не будзе. А ўдзельнікаў збярэцца больш, чым раней. Так лічыць адзін з арганізатараў акцыі супраць іншаземных вайсковых базаў, паэт Уладзімер Някляеў.
– Мяркуючы па тым, якая пратэстная хваля ўзнялася ў Беларусі супраць размяшчэння расейскіх баз, пра гэта можна меркаваць не толькі па інтэрнэце, але і па акцыях рэальных, у тым жа Бабруйску, дык людзей павінна быць больш, чым на папярэдняй акцыі. І я здзіўлюся, калі іх будзе менш. Усё ж такі людзі думаюць, пра нешта разважаюць і разумеюць, што размяшчэнне расейскай вайсковай базы – сёння гэта першы крок да страты незалежнасці, наўпрост кажучы – да анексіі Беларусі, да ўключэння яе ў склад Расеі, што мае на ўвазе саюзная дамова, пра якую ўвесь час кажуць кіраўнікі Расейскай Федэрацыі. Так што людзі павінны гэта разумець і павінны, мне здаецца, прыйсці.
Наконадні з’явілася інфармацыя, што авіябаза Расеі будзе створаная ў Бабруйску ўжо ў бліжэйшым студзені. Расейскі бок разлічвае, што размяшчэнне базы будзе бясплатным. Пратэстная акцыя пачнецца 4 кастрычніка а 17 гадзіне на плошчы Свабоды ў Менску.
Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя