Уладзімір Някляеў: Мусім вылучыць адзіным кандыдатам Міколу Статкевіча
Уладзімір Някляеў чарговы раз прапанаваў апазіцыйным структурам падтрымаць вылучэнне адзіным кандыдатам ад дэмакратычнай апазіцыі палітвязня Мікалая Статкевіча. «Да пачатку рэгістрацыі ініцыятыўных груп усім патэнцыйным кандыдатам у прэзідэнты трэба зняцца з выбараў, а ўсім апазіцыйным структурам падтрымаць вылучэнне адзіным палітвязня Мікалая Статкевіча», – з такой заявай выступіў Уладзімір Някляеў:
– Павінна быць агульная згода. Таму што калі нехта выйдзе з байкотам, а астатнія структуры пойдуць на выбары, то нічога з гэтага не будзе. Тым больш што афіцыйна ў нас байкот забаронены. Дык вось, калі б усе пагадзіся б на тое, што я па сутнасці ўжо прапаноўваў: вылучыць адзіным кандыдатам палітвязня Міколу Статкевіча, гэтую прапанову я сфармуляваў, надрукаваў для абмеркавання. Гэта прапанова прыхаванага байкоту. У тым выпадку, калі яго не рэгіструюць, зразумела, што было б далей. Але гэтую прапанову не прынялі.
На думку палітыка, «калі цяперашнія патэнцыйныя кандыдаты з «выбараў» не здымуцца, калі апазіцыя не вылучыць адзінага кандыдата, яна непазбежна стане на шлях фальсіфікацый, свядома пойдзе на падман выбаршчыкаў. Таму рашэнне аб змене сцэнара ўдзелу апазіцыі ў прэзідэнцкіх выбарах павінна быць прынята неадкладна, адразу пасля афіцыйнага абвяшчэння даты іх правядзення», – адзначае Уладзімір Някляеў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя