Уладзімір Някляеў: Мяне таксама выстаўлялі змоўшчыкам



Фільм, што  паказалі па тэлеканале АНТ пра нібыта змову супраць Аляксандра Лукашэнкі, нагадаў фільм дзесяцігадовай даўніны „Жалезам па шклу”, –  кажа паэт і палітык, кандыдат у прэзідэнты ў 2010 годзе Уладзімір Някляеў. У новым фільме змову супраць Лукашэнкі і захоп улады нібыта рыхтуюць Аляксандр Фядута, Юрась Зянковіч і Рыгор Кастусёў.

„І мяне таксама выстаўлялі ў тым старым фільме 2010 года нейкім змоўшчыкам, – кажа Уладзімір Някляеў, – вінавацілі ў сувязі з польскімі, нямецкімі, амерыканскімі спецслужбамі. І ў спробе дзяржаўнага перавароту”:

–  Усё гэта распалася, бо ніякіх доказаў там не было, бо гэтага не было насамрэч. Калі будзем казаць ужо канкрэтна пра дваццаты год, то гэтых людзей абвінавачваюць у спробе неканстытуцыйнага захопу ўлады. Чакайце, а хто спачатку неканстытуцыйна захапіў уладу? Усе ведаюць, што 9 жніўня 2020 года падчас прэзідэнцкіх выбараў Лукашэнка прайграў. На ўсіх участках, дзе былі  вывешаныя сумленныя, сапраўдныя вынікі галасавання, перамагла Ціханоўская з вельмі сур’ёзным  адрывам.

Так лічыць Уладзімір Някляеў і нагадвае, што Лукашэнка  сам быў вымушаны прызнаваць, што вынікі выбараў з нібыта 80 працэнтамі прагаласаваўшых за яго сфальсіфікаваны. Праўда, зваліў адказнасць на мясцовых кіраўнікоў – быццам яны накінулі 1-2 працэнты. „Але ж фальсіфікацыя вынікаў выбараў –  гэта дзяржаўнае злачынства, –  кажа Уладзімір Някляеў, – тым не менш, рэжым працягвае ўтрымліваць уладу на плячах „сілавікоў”, на іх дубінках, на іх зброі”.

Беларускае Радыё Рацыя