Уладзімір Някляеў: Нас чакаюць вельмі сур’ёзныя падзеі
Экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў выказаўся пра тое, ці адрозніваюцца сёлетнія выбары ад выбараў дзесяцігадовай даўніны.
Уладзімір Някляеў: З самага пачатку было зразумела, чаго чакаць ад гэтых так званых выбараў. Беларуская ўлада знаходзіцца ў сітуацыі, якая адрозніваецца ад той, у якой знаходзяцца патэнцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты.
Бабарыка, Цапкала, Ціханоўскі змагаюцца за новае месца ў жыцці, бо папярэднія іх не задавальняюць. А беларускі кіраўнік змагаецца ў пэўным сэнсе за сваё жыццё. І менавіта ў гэтым, што адзін з прэтэндэнтаў банкір, а другі – былы старшыня саўгаса – прынцыповая розніца. Кардынальная розніца, з якой і вынікае тое, што зараз дзеецца.
РР: Зараз мы бачым, што яшчэ на стадыі збору подпісаў пачаліся рэпрэсіі: арышты, вобшукі, крымінальная справа. Для вас гэта не было нечаканым?
Уладзімір Някляеў: Думаю, ніхто не меў ілюзій адносна таго, як будзе дзейнічаць улада, і яна „не расчаравала” тых, хто прадбачыў такія паводзіны. Таму, мяркую, падзеі будуць развівацца прыкладна так, як падчас выбараў у 2010 годзе, калі людзі выйшлі на плошчу, была чалавечая кроў і арышты.
Тады ні за што былі арыштаваны перад асноўнымі падзеямі ні ў чым не вінаватыя людзі. Той жа Зміцер Дашкевіч, якому зладзілі правакацыю. Праўда, дзесяць гадоў таму абышлося без прастытуткі, дзейнічалі міліцыянты. Хаця што з міліцыянтамі, што з прастытуткай, але вынік адзін і той жа – людзі знаходзяцца пад крымінальнай справай.
Па сутнасці сёлетні сцэнар практычна нічым ад 2010 году не адрозніваецца, ён можа толькі адрознівацца фіналам, бо меры, якія ўлада прымае зараз, больш брутальныя і жорсткія. Гэта праз тую сітуацыю, у якой улады апынуліся.
РР: А што можаце сказаць пра грамадства?
Уладзімір Някляеў: Узбуджанасць людзей, непрыняцце таго жыццё, якое ім навязала ўлада, градус непрыняцця зараз значна большы, чым дзесяць гадоў таму. Гэта звязана і з пагаршэннем эканамічнай сітуацыі, і з праблемай каронавіруса, якая з-за выбараў крыху адышла на іншы план. Але яна існуе, людзі паміраюць кожны дзень.
Я не думаю, што пры ўсёй талерантнасці, якую дэманструюць Бабарыка і Цапкала, усё абыдзецца для іх. І для людзей не абыдзецца. Наўрад ці людзі стрываюць такое нахабнае і грэблівае стаўленне да іх саміх. Бо арыштоўваюць жа не толькі сябраў ініцыятыўных груп, а і іншых людзей, якія ў гэты час апынуліся на сустрэчы з прэтэндэнтам.
Градус грамадскага напружання дастаткова высокі, а значыцца наперадзе ў нас яшчэ вельмі сур’ёзныя падзеі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя