Уладзімір Някляеў наведаў міліцыю



Паэт і палітык Уладзімір Някляеў наведаў міліцыю Цэнтральнага раёна Менска, куды быў выкліканы спачатку праз тэлефон, а потым позвамі ў сувязі з удзелам у пікеце, прысвечаным выбарчай прэзідэнцкай кампаніі. Пікет адбыўся 10 верасня. „Апроч позвы, якую яны прыслалі па пошце, яшчэ адну яны прынеслі. Паколькі мяне не было ў Беларусі, позву пад распіску прыняла  жонка,” – распавёў Уладзімір Някляеў.

– Яна адразу ўспомніла, як яны ламіліся да нас у дзверы ў 2010. Ёй гэтага хапіла, яна не хацела, каб яны больш прыходзілі да нас і псавалі нервы. Таму я пайшоў у міліцыю. Але чалавека, які падпісаў позву, на службовым месцы не аказалася. Падышоў нейкі падпалкоўнік і прапанаваў пасядзець у яго, але я адказаў, што насядзеўся ўжо з усялякімі падпалкоўнікамі, палкоўнікамі і генераламі, развярнуўся ды пайшоў.

Нягледзячы на падобны ціск, Уладзімір Някляеў сказаў, што мае намер працягнуць удзел у запланаваных пікетах у рамках перадвыбарчай кампаніі.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з сайту zapraudu.info