Уладзімір Някляеў не верыць у аб’яднанне апазіцыі



Дыскусіі завершаныя, бо аб’ядноўвацца няма з кім. Так апазіцыйны палітык Уладзімір Някляеў у нашым эфіры адрэагаваў на пытанне пра магчымае аб’яднанне сілаў апазіцыі перад парламенцкімі выбарамі. Такое пытанне сярод іншага заяўленае на Беларускім нацыянальным кангрэсе, які пройдзе 15-га траўня ў Менску. Палітык спасылаецца да досвед прэзідэнцкай кампаніі 2015 году.

Уладзімір Някляеў узгадвае як падобны кангрэс у той час не сабраўся, апазіцыя пра аб’яднанне так і не дамовілася, а кампанія правалілася:

– Апазіцыя нязгодаю ўнутры сябе ўсё бліскуча праваліла. Я меркаваў, што ёсць урок і ён будзе ўлічаны, што мы тут падыйдзем ужо больш разумна да парламенцкай кампаніі. Не. Замест таго, каб тут выпрацаваць адну стратэгію, кожны прапаноўвае сваю, свой спіс на выбары, свае дзеянні на выбары, сваё бачанне і г.д. І гэта прывядзе непазбежна да паразы на гэтых самых парламенцкіх выбарах.

Уладзімір Някляеў – сярод ініцыятараў Беларускага нацыянальнага кангрэса, які пройдзе ў сталічным скверы Янкі Купалы, бо аргкамітэт не змог арандаваць памяшканне. Палітыкі таксама заклікаюць кіраўнікоў іншых апазіцыйных структур, якія не падтрымалі правядзенне кангрэсу, прыйсці ў сквер, каб падтрымаць патрабаванні за свабоду правядзення мірных сходаў.

„Ёсць палітычнае рашэнне ўладаў, накіраванае на зрыў кангрэса, — прагучала заява ад аднаго з ініцыятараў, палітыка Мікалая Статкевіча. Улады такім чынам самі штурхаюць людзей на вуліцу – заўважыў у нашым эфіры другі ініцыятар кангрэса – палітык Уладзімір Някляеў:

– Разлічвалі на тое, што ўлады ў звязку з палітыкай пацяплення ў адносінах з Захадам, дадуць дазвол на памяшканне. Але не выйшла. Тым самым улада пераўтварыла кангрэс у вулічную акцыю з усімі наступствамі, якія можна прыдумаць. Яна можа апусціцца да таго, што пачне пераслед дэлегатаў кангрэсу. Будзем спадзявацца, што не дойдзе да такога.

Бо за акцыяй будуць назіраць у тым ліку і замежныя дыпламаты, дадае Уладзімір Някляеў. Аргкамітэт Беларускага нацыянальнага кангрэсу заклікае прыйсці ў нядзелю апоўдні да помніка Янку Купалу ў аднайменны сквер і падтрымаць дэлегатаў кангрэса ў іх барацьбе за права на мірныя сходы.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота svaboda.org