Уладзімір Някляеў: Перад менскімі варотамі пачала выстройвацца чарга



Былы кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў распавядае, чаму ў Менск зачасцілі еўрапейскія чыноўнікі.

На гэтым тыдні беларуская сталіца прымае цэлы шэраг заходніх палітыкаў, а Аляксандр Лукашэнка ўжо заявіў, што дачыненні паміж Беларуссю і Еўразвязам – рэч патрэбная, “адносіны ўжо не такія туманныя, як раней”. Чым выклікана такая актывізацыя еўрачыноўнікаў?

Уладзімір Някляеў: Думаю, гэтаму добра паспрыяла спадарыня Меркель. Яе прыезд у Менск на перамовы з Пуціным еўрапейская супольнасць, напэўна, успрыняла, як знак, што беларуская сталіца не толькі перамоўная пляцоўка, але ў нечым можа быць і партнёрам Еўразвязу ў чарговым адбвастрэнні сітуацыі з Украінай. І пачалася выстройвацца чарга перад менскімі варотамі. А яшчэ мне падаецца, што актывізацыя адбылася і па той простай прычыне, што рыхтуецца ўдзел Беларусі (і персанальна Лукашэнкі) ў Рыжскім саміце “Усходняга партнёрства”.

РР: Вы думаеце, што Еўропа ўжо саспела да такога рашэння, а беларуская ўлада – да такога візіту?

Уладзімір Някляеў: Такое меркаванне дазваляе мне выказаць і тая інфармацыя, якую маю асабіста, і проста аналіз апошніх падзей, якія адбываюцца. Мы бачым заявы Лукашэнкі, што ён будзе ўдзячны латышам, калі тыя дапамогуць выбудаваць нармальныя стасункі з Еўропай, ёсць шэраг іншых рэверансаў у бок Еўразвязу. Ізноў-такі – зачасцілі высокія еўрагосці ў Беларусь. Раней, калі яны прыязджалі, то ў абавязковым парадку сустракаліся як з прадстаўнікамі ўлады, так і з апазіцыяй. Зараз з дэмакратычнай грамадскасцю могуць і не сустрэцца, і, думаю, робіцца гэта пад ціскам беларускай улады. Маўляў, слухайце нас, а не апанентаў. Калі скласці ўсе гэтыя чыннікі ў адну карціну, то выглядае, што наступае чарговы этап у адносінах з Еўразвязам.

РР: Перад прэзідэнцкімі выбарамі 2010 года было такое ж паляпшэнне адносінаў, але ўсім вядома, чым яно скончылася. Ці атрымаецца нешта талковае зараз з гэтых чарговых намаганняў?

Уладзімір Някляеў: Час пакажа, але адно можна сказаць дакладна. Беларуская ўлада робіць выгляд, што яна самастойная, хоць гэта абсалютна не так. Афіцыйны Менск цалкам залежыць ад палітыкі Крамля і персанальна Пуціна. Але так склалася, што сітуацыя ва Украіне дапамагае беларускай уладзе наладжваць стасункі з Еўропай.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота funny-pictures.picphotos.net