Уладзімір Някляеў пра вызваленне палітвязняў
Дэмакратычная грамадскасць краіны жыва рэагуе на вызваленне ўладамі шасці палітзняволеных, у тым ліку экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча. Слова яшчэ аднаму экс-кандыдату ды ў мінулым таксама палітзняволенаму пасля падзей 2010 года, паэту Уладзіміру Някляеву.
– Я ўжо ўчора павіншаваў. Але трэба і сёння, і заўтра павіншаваць усіх, хто выйшаў на свабоду, хоць свабода ў нашай краіне – рэч адносная. Садзяць людзей у нашай краіне адразу пасля выбараў, а выпускаюць пад выбары. Гэта ў нас такая палітычная аграномія. А галоўнаму нашаму аграному кроў з носу патрэбна прызнанне гэтых выбараў, пры гэтым прызнання з боку дэмакратычных краін свету. А з наяўнасцю палітвязняў гэтага ніяк не атрымалася б зрабіць. Гэта быў бы крах.
Уладзімір Някляеў лічыць, што вызваленне Статкевіча, Дзядка, Аліневіча, Васьковіча, Пракапенкі ды Рубцова стварае новыя рэаліі ды змяняе стылістыку, лозунгі выбарчай кампаніі на прэзідэнта краіны.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск