„Марш абураных беларусаў” у Менску



Як стала вядома, пасьля Маршу невядомыя ў цывільным напалі на актывістаў анархісцкага руху, якія накіроўваліся дахаты. Інцыдэнт адбыўся, калі актывісты заходзілі ў аўтобус. Людзі, што былі на прыпынку на плошчы Незалежнасці, абаранілі хлопцаў. У анархістаў адабралі транспарант, аднак самім актывістам удалося пазбегнуць затрымання.

* * *

Мікалай Статкевіч прапаноўвае сабрацца 25-га сакавіка, каб адстойваць сваю вольнасць, і абвяшчае Марш завершаным. Удзельнікі акцыі скандуюць: „Жыве Беларусь!”

Вынікі акцыі падсумоўвае наш карэспандэнт у Менску Павел Генадзіч:

Гэтая акцыя стала самай масавай за апошнія гады. І, фактычна, пачынае новы палітычны сезон. Ніякіх сур’ёзных правакацый не было. Мерапрыемства праходзіла без яўнай прысутнасці міліцыі, хоць, зразумела, прадстаўнікі сілавых структур у цывільным былі. Гэтай акцыяй усё толькі пачынаецца, акцыі будуць працягвацца. Арганізатары заклікалі людзей не здавацца і змагацца за тое, каб гэты дэкрэт быў скасаваны.

Гэтая акцыя з’яўляецца толькі часткай кампаніі, якая завецца “Улада народу”, кажа адзін з арганізатараў маршу Мікалай Статкевіч.

– Мы вельмі доўга прывучалі і ўладу, і народ, што сюды можна прыходзіць. Сёння мы ўжо атрымалі першы станоўчы вынік такой стратэгіі. Людзі мелі мэту і скарысталіся такой магчымасцю. Зараз трэба гэтую сацыяльную актыўнасць развіваць, арганізоўваць і прымушаць уладу да саступак патрабаванням народу. Мы лішняга не патрабуем. Мы патрабуем сваё, неабходнае, відавточнае.  

Акрамя незалежнай беларускай прэсы «Марш абураных беларусаў» асвятлялі і расейскія сродкі масавай інфармацыі. Інфармацыя аб пратэстнай акцыі з’явілася практычна на ўсіх расейскіх інфармацыйных сайтыах, у тым ліку галоўным агенцтве – РИА Новости.

* * *

Удзельнікі маршу працягваюць мінтынг на плошчы Незалежнасці ля Міністэрства па падатках і зборах. Выступаюць Вячаслаў Сіўчык, Мікалай Статкевіч. Статкевіч прапаноўвае адправіць урад у адстаўку. Людзі скандуюць : „У адстаўку!”, „Сыходзь!”, рвуць і паляць „лісты шчасця”. 

* * *

Мітынг скончыўся і калона рушыла да Дому ўраду і Міністэрства па падатках і зборах. Удзельнікаў вельмі шмат і калона рушыць па праезжай частцы ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасці. У Маршы прымае ўдзел каля 2 000 чалавек. Шмат людзей прыехала з рэгіёнаў. 

* * *

Выступаюць палітыкі Мікалай Статкевіч, Павел Севярынец, старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч. Прапаноўваецца прыняць рэзалюцыю „Маршу абураных беларусаў”. Мікалай Статкевіч зачытвае праект рэзалюцыі, яго асноўныя пункты:

– адмяніць дэкрэт „аб дармаедах”;

– абраць прадстаўнікоў для перамоў з урадам;

– уладу – народу! 

Праект прымаецца плошчай адзінагалосна. Удзельнікі скандуюць: „Жыве Беларусь!”

На плошчы сабрался каля 1000 чалавек. 

Фота svaboda.org

З Кастрычніцкай плошчы паведамляе наш карэспандэнт Павел Генадзіч:

– Акцыя доўжыцца ўсяго 20 хвілін, але на плошчы ўжо больш за тысячу чалавек. Можна сказаць, што гэта прэцэдэнт за апошні час, каб столькі людзей на плошчы сабрала апазіцыя, хоць хутчэй за ўсё гэта таму, што Дэкрэт № 3 зачапіў за жывое беларускі народ. Можна сказаць, што яшчэ за пару хвілін да пачатку акцыі ініцыятыву перахапіла група анархістаў і цяпер яны вельмі яскрава прадстаўленыя на прыступках Палаца Рэспублікі.

Сярод выступоўцаў — галоўныя ініцыятары гэтай акцыі: Мікола Статкевіч, Уладзімір Някляеў, выступаў таксама Генадзь Фядыніч, старшыня прафсаюза РЭП. Пакуль не назіраецца, што тут прысутная міліцыя ў форме, але ясная справа, што ў натоўпе таксама прысутнічаюць «людзі ў цывільным».

Акцыя праходзіць даволі спакойна, людзі скандуюць лозунгі супраць Дэкрэта, але ўсё праходзіць ціха-мірна. Можна толькі прыгадаць акцыю з п’яным чалавекам, правакатарам, якога арганізатары вывелі з натоўпу, і, як яны сказалі, так звязалі рукі праваахоўных органаў.

Пакуль ніхто не заяўляў пра далейшыя планы, але варта чакаць, што калі гэта «Марш абураных беларусаў», дык натоўп рушыць па праспекце, магчыма ў бок плошчы Незалежнасці, у бок Дома Ураду, але гэта пакуль толькі абмеркаванне і ніякіх заклікаў на тое, каб кудысьці ісці не было.

* * *

«Марш абураных беларусаў» пачынаецца ў гэтыя хвіліны на Кастрычніцкай плошчы Менска.

Людзі стаяць на ўскрайку плошчы невялікімі групамі. Тут знаходзяцца палітыкі Мікалай Статкевіч, Павал Севярынец, Уладзімір Някляеў, Зміцер Дашкевіч

Марш не ўзгоднены з уладамі, частка палітычных рухаў – партыя БНФ, кампанія «Гавары праўду», Рух «За свабоду» – яго ігнаруюць. Што адбываецца цяпер на Кастрычніцкай плошчы ў Менску  расказвае наш карэспандэнт:

– На плошчы сабралася каля 400 чалавек. Цяпер прамаўляе Мікалай Статкевіч. Прысутныя скандуюць „Жыве Беларусь!”, „Лукашэнка – дармаед!” На плошчу прыйшла таксама група людзей з закрытымі тварамі і сцягамі анархістаў і плакатамі. Прасутнічаюць прадстаўнікі праваахоўных органаў у цывільным. 

Калона нязгодных з дэкрэтам № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» пройдзе па галоўным праспекце да будынка Міністэрства па падатках і зборах.

«Падатак на дармаедства – гэта плявок у твор працавітаму беларускаму народу», – кажа сустаршыня аргкамітэтут па стварэнні партыі БХД Павел Севярынец, які прымае удзел у сённяшнім «Маршы абураных беларусаў». Ён разумее, што штрафы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі могуць стрымаць беларусаў ад выхаду на вуліцу, але заклікае людзей не баяцца і абараняць свае правы.

– На мой погляд, дармаеды – гэта тыя, хто больш за 22 гады сядзіць на шыі беларускага народа і зараз забірае апошняе. Тут цярпець ужо нельга, трэба выходзіць. Я разумею, што шмат хто баіцца вялізных штрафаў. Але ў рэшце рэшт, калі нас будзе вельмі шмат, гэты абсурдны дэкрэт удасца адмяніць, я перакананы.

Скасаваць ідыёцкі дэкрэт аб „дармаедах” заклікае Уладзімір Някляеў. Адзін з лідараў Беларускага нацыянальнага кангрэсу звярнуўся да суайчыннікаў напярэдадні маршу.

„З тым, што Дэкрэт №3, згодна з якім падаткі спаганяюцца з беспрацоўных, выдумка ідыёцкая, згодныя ўсе нармальныя людзі нават ва ўладзе”, – заявіў палітык.

У сваю чаргу лідар незалежнага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч звяртае ўвагу на тое, што ў грамадстве дэкрэт – не прыжыўся:

– На мой погляд, дзяржава заняла толькі адну пазіцыю – спагнаць з людзей як мага больш, бо няма больш з каго спагнаць. Ён перагнуў, бо гэта зачапіла вялукую частку грамадства – багатых і збяднелых людзей. Я размаўляў з бізнесоўцамі, яны кажуць, што прынцыпова не будуць плаціць за сваіх жонак гэты падатак, бо лічаць, што ён незаконны.

Старшыня «Руху За свабоду» Юрась Губарэвіч, які збіраецца прыняць удзел у сённяшнім «Маршы абураных беларусаў», лічыць што кожны сам павінен вырашыць для сябе: ці трэба выходзіць і публічна агучваць свой пратэст супраць незаконнага падатку на дармаедства.

Палітык таксама выказвае асцярогі, каб палітычныя актывісты не падмянілі на акцыі сапраўды абураных дэкрэтам беларусаў:

– Канешне, ёсць пэўная рызыка, штрафы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ў 2-3 разы перавышаюць ровень аплаты, які трэба ўносіць, паводле дэкрэта. З іншага боку, таксама дрэнная сітуацыя, калі тая ж самая група грамадскіх ці палітычных актывістаў падмяняе сабой людзей, якія непасрэдна сутыкнуліся з дзеяннем Дэкрэта №3. Гэта таксама сігнал для грамадства, калі людзі гатовыя змагацца за свае правы і выходзіць на вуліцу, натуральна, іх трэба ўсяляк  у гэтым падтрымліваць.

Як у сваю чаргу адзначае сябра Руху „За Свабоду” палітолаг Алесь Лагвінец, для таго, каб улады сур’ёзна аднесліся да пратэста, дастаткова, каб на плошчу сёння выйшлі некалькі тысяч чалавек. 

„Марш абураных беларусаў” пачнецца сёння на Кастрычніцкай плошчы Менску а 18:00.  

Беларускае Радыё Рацыя