Уладзімір Някляеў: Трэба прайсці ўсе ступені абскарджання
Экс-кандыдат у прэзідэнты распавёў, што збіраецца падаваць апеляцыю ў Вярхоўны суд.
Не так даўно Менскі гарадскі суд пакінуў у сіле рашэнне раённага суда па «справе» знакамітага паэта, кандыдата ў прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Уладзіміра Някляева аб «закліку да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве». Такім заклікам суд Ленінскага раёна Менска палічыў словы, сказаныя Някляевым у інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат»: «Калі ў вас ёсць воля бараніць свае правы, трэба ісці і іх бараніць».
Уладзімір Някляеў таксама звярнуўся ў адкрытым лісце да галоўнага рэдактара газеты «Советская Белоруссия» Паўла Якубовіча і старшыні Белдзяржтэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзькі з тым, каб яны як журналісты, кіраўнікі вядучых дзяржаўных СМІ далі прафесійнае заключэнне наконт таго, ці «ўтрымліваецца ў тэксце інтэрв’ю заклік да ўдзелу ў акцыі 21 кастрычніка, ёсць падставы для турэмнага зняволення ці няма».
Уладзімір Някляеў: Давыдзька і Якубовіч своеасабліва адгукнуліся на мой зварот. У адной з перадач яны вельмі здзівіліся, што я ўвогуле напісаў да іх адкрыты ліст. І абодва паабяцалі, што яны вернуцца да адказу на ліст на наступным пасяджэнні свайго клуба. Але прайшло ўжо некалькі перадач, але ніхто нават пра гэта не ўспамінае. Чаму? Прычыны я тлумачыць не буду, няхай яны самі сабе патлумачыць.
РР: Вы будзеце абскарджваць рашэнне гарадскога суда?
Уладзімір Някляеў: Так, планую падаць апеляцыю ў Вярхоўны суд. Трэба прайсці ўсе ступені абскарджання, каб паказаць абсурднасць справы, калі караюць ужо і за слова.
РР: Прысуд ёсць, але на “суткі” вас так і не адправілі…
Уладзімір Някляеў: У любы момант могуць кінуць за краты, не выключаю, што і на Новы год могуць зрабіць такі “падарунак”. Зрэшты, і да гэтага прызвычаіўся, бо аднойчы Новы год ужо давялося сустракаць у следчым ізалятары.
РР: А можа забудуць пра вашы “суткі”?
Уладзімір Някляеў: У іх кароткая памяць, калі гаворка ідзе пра абяцаны заробак у 500 долараў ці пра сацыяльна абароненае грамадства. А вось тых, хто супрацьстаіць беззаконню ўлады і бачыць па-іншаму будучыню, яны ніколі не забудуць. І ніколі ім не даруюць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя