Уладзімір Някляеў: Цэнтрвыбаркам і Еўропа зрабілі крок да расейскай анексіі!



Сёння, калі апоўдні стала вядома, якія ініцыятыўныя групы магчымых кандыдатаў у прэзідэнты зарэгістраваныя на пасяджэнні Цэнтрвыбаркама, першым з будынка ЦВК паказаўся той, каго найбольш чакалі, прынамсі, незалежныя журналісты – сябар ініцыятыўнай групы па вылучэнні Мікалая Статкевіча, паэт Уладзімір Някляеў. Нават здалёк было бачна, што вочы яго самотныя. Хоць спачатку паспрабаваў нават пажартаваць:

Уладзімір Некляеў: Ката Барсіка ў той “звярынец” не дапусцілі – а ўсё астатняе “звяр’ё” там! Цьмянымі былі падставы для адмовы ў рэгістрацыі нашай “брыгады”. Калі запытаў, якія канкрэтна артыкулы Выбарчага Кодэкса парушаныя, на гэта пытанне ніхто не стаў адказваць. Проста аднагалосна вырашылі адмовіць у рэгістрацыі – маўляў, ён “крымінальнік, злачынца”. Я ім сказаў проста ў твар – гэта не ён, а вы злачынцы! Усе з ЦВК, што бралі ўдзел у 2004 годзе ў палітычным шоў-рэферэндуме, які парушаў Канстытуцыю краіны і даў Лукашэнку паўнамоцтвы на неабмежаваны тэрмін. Гэта ЯНЫ ўсё фальсіфікавалі, з-за ІХ Статкевіч за кратамі! Бо не было б рэферэндуму, не было б Плошчы-2010, сотняў тысяч людзей, якія праз гэты пакутуюць. Будзем, канешне, усё абскарджваць у судзе. Але ўжо не ў тым асноватворная праблема. “Начальніца” ўсёй гэтай канторы, крымінальніца , “невыяздная” Ярмошына ў гэты ж час, калі адмаўляюць Статкевічу ў рэгістрацыі, зарэгістраваная ў АБСЕ, у Вене! Еўропа дэманструе, што прыняўшы гэтую “спадарыню”, цывілізаваная супольнасць прымае і рэжым, што тая прадстаўляе. Цяпер пытанне: калі б апазіцыя не зладзіла тое, што ўсе ўбачылі, а зрабіла б тое, што мусіла – вылучэнне Статкевіча ў якасці адзінага кандыдата – гасцявала б сёння Ярмошына ў Вене?! НЕ! Паўстае яшчэ больш сур’ёзнае пытанне – ці не праз гэткую лаяльнасць да чарговага спектакля, што збіраецца правесці рэжым, Еўропа “здае” Беларусь пад Расею?! Вось наступствы рашэння, што прынялі тыя структуры апазіцыі, што пагадзіліся ўдзельнічаць. Трэба было прадумваць кожны крок і кожнае дзеянне, бо гэтыя выбары вызначальныя для лёсу Беларусі!

РР: Падсвядома ў Вашых словах чытаецца тое, пра што ўжо гавораць – да магчымай анексіі?

Уладзімір Некляеў: Не хачу ў голас прамаўляць пакуль гэтыя словы, аднак калі мы не згуртуемся, не акажам усяму гэтаму супольны супраціў – дажывём да гэтага…

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск