Уладзімір Някляеў: Уладам неабходна падняць градус страху ў грамадстве



Паэт і палітык Уладзімір Някляеў распавёў пра так званыя выбары і затрыманых баевікоў.

Нагадаем, што дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва паведаміла, што пад Менскам затрымалі 32 баевікоў расейскай прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнер», а яшчэ аднаго злавілі ў Гомельскай вобласці. Што за гэтым стаіць?

Уладзімір Някляеў: Калі кіраўнік Беларусі днямі наведваў брыгаду спецназа, ён жа заявіў, што на «майдан» могуць падаслаць прафесійных баевікоў, якіх рыхтуюць у прыватных ваенных кампаніях. І, як бачым, ужо праз некалькі дзён па чароўным супадзенні такіх знайшлі ў Беларусі.

Пабачым, як далей будуць разгортвацца падзеі, але мне зразумела, што ўладам вельмі неабходна перад выбарамі падняць градус страху ў грамадстве да такой ступені, каб людзі аслупянелі. Улады панічна баяцца Плошчы, а таму і робяць усе захады, каб яе не было.

У такой сітуацыі ўсе размовы вакол магчымай перамогі на выбарах – пустое. Гэта ўсё абсалютна нерэальна пры дыктатуры. А рэальна – сілавое падаўленне да любога супраціву.

І гісторыя з баевікамі, як мне падаецца, чарговая правакацыя, якую вырашылі выкарыстаць перад выбарамі і паказаць грамадству такую страшылку.

РР: Але камень у агарод Пуціна ўлады Беларусі запусцілі…

Уладзімір Някляеў: Безумоўна, афіцыйны Менск звязвае ўвесь выбарчы сюжэт са спробай умяшальніцтва Расеі ў справы Беларусі. Пачынаючы з таго, што вырашыў балатавацца ў прэзідэнты былы кіраўнік «Белгазпрамбанка» Віктар Бабарыка.

І ўладам важна адчуваць, што яны не проста самі будуць бараніцца на гэтых выбарах ад народа, а будуць бараніцца ад Расеі, якая хоча захапіць краіну праз сцэнар выбараў і прывязаць да сябе. І ў гэты сцэнар добра ўпісваюцца расейскія баевікі.

РР: На ваш погляд, як Крэмль адрэагуе на сітуацыю?

Уладзімір Някляеў: У Расеі ёсць абсалютна мірны план таго, як прывязаць да сябе Беларусь, і гэты план звязаны з Аляксандрам Лукашэнкам. Калі ён застанецца, то яго і даціснуць.

Але сёння Пуцін наадварот будзе падтрымліваць Лукашэнку, бо яны з ім сядзяць у адной лодцы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя